Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы дапамогуць разьвіцьцю агра- і экатурызму ў Беларусі


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч

5 верасьня ў Беларусі стартаваў праект «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае разьвіцьцё», які рэалізуе Праграма разьвіцьця ААН. Асноўная мэта праекту — стымуляваньне прадпрымальніцтва ў сфэры агра- і экатурызму ў Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Фінансуе праект Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці, якое гатова выдаткаваць амаль 2 мільёны даляраў на разьвіцьцё эка- і агратурызму ў заходніх рэгіёнах краіны.

Адкрыў прэзэнтацыю кіраўнік Праграмы разьвіцьця ААН у Рэспубліцы Беларусь Антоніюс Брук:

«Сёньня мы рады афіцыйна даць старт праекту „Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае разьвіцьцё“. Гэта праект Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці. Ён будзе рэалізоўвацца Праграмай ААН і Міністэрствам спорту і турызму Беларусі».

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч патлумачыў, чаму ЗША падтрымлівае і фінансуе гэты праект:

«Гэтая праграма дасьць Беларусі магчымасьць спрыяць мясцоваму эканамічнаму разьвіцьцю, пашырэньню дзелавых сувязяў беларускіх прадпрымальнікаў і прыцягненьню замежных інвэстыцыяў. Як і ўва ўсім сьвеце, ЗША імкнуцца садзейнічаць дэмакратычным і рынкавым пераўтварэньням у Беларусі. І мы выдзяляем амаль два мільёны даляраў на прасоўваньне ініцыятываў па разьвіцьці прадпрымальніцтва, у прыватнасьці, у сфэры экатурызму ў заходніх рэгіёнах Беларусі».

Ітан Голдрыч апавёў, што на мінулым тыдні Беларусь наведаў адзін зь вядучых амэрыканскіх экспэртаў па кансалтынгу ў галіне турызму і разьвіцьця зялёных маршрутаў Чак Флінк. Ён пераканаўся, што Беларусь валодае прыроднымі рэсурсамі ўсясьветнага ўзроўню, якія можна паказаць сьвету.

Дырэктар дэпартамэнту турызму Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін расказаў, што агра- і экатурызм у Беларусі дынамічна разьвіваецца: у 2006 годзе ў краіне было 34 суб’екты, у 2011-м — больш за 1500. Але на 97% — гэта прыватны бізнэс, яго вядуць звычайныя сельскія жыхары, якім не хапае вопыту, ведаў, тэхналёгіяў:

«Гэты праект — гэта сур’ёзная дапамога міністэрству ў тым, каб навучыць гаспадароў нашых аграсядзібаў добра плянаваць і арганізоўваць свой бізнэс».

ЗША маюць амаль 40-гадовы досьвед разьвіцьця эка- і агратурызму, і таму амэрыканцы гатовыя ім падзяліцца, запэўніў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч:
Мы гатовыя адкрыць для беларусаў амэрыканскі досьвед і іншыя міжнародныя прасунутыя практыкі

«Мы гатовыя адкрыць для беларусаў амэрыканскі досьвед і іншыя міжнародныя прасунутыя практыкі. Мы заахвочваем партнэрства на мясцовым і міжнародным узроўні, а таксама партнэрства дзяржаўнага і прыватнага сэктараў».

Кіраўнік праграмаў Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) Джон Рыардан падкрэсьліў, што рэалізацыя гэтага праекту паспрыяе стварэньню новых працоўных месцаў, ажыўленьню эканомікі рэгіёнаў, стварэньню дадатковых крыніцаў прыбытку.

«Падтрымліваючы разьвіцьцё малога прадпрымальніцтва ў такім кірунку, як агра- і экатурызм, праект будзе садзейнічаць актывізацыі транспамежнага дзелавога супрацоўніцтва, турызму і абмену ідэямі»

Кіраўніца праекту з боку Беларусі Марына Бараўко расказала:

«У межах праекту будзе распрацавана 16 стратэгіяў разьвіцьця экатурызму. Пілётныя тэрыторыі будуць выбраныя на конкурснай аснове. Будзе падрыхтавана 14 спэцыялістаў-кансультантаў, якія правядуць 40 трэнінгаў для 300 прадстаўнікоў малога бізнэсу ў сфэры эка- і агратурызму».

Будзе адабрана 32 заяўкі, і ў выніку дзьве ініцыятывы атрымаюць па 30 000 даляраў, а яшчэ трыццаць — па 15 000 даляраў".

На пытаньне Радыё Свабода, ці наведвалі замежныя спонсары аграсядзібы ў Беларусі, кіраўнік праграмаў Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці ў Рэспубліцы Беларусь Джон Рыардан адказаў, што наведаў не адну аграсядзібу і што ў яго толькі самыя станоўчыя, яркія ўражаньні ад беларускай гасьціннасьці. Кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніюс Брук таксама наведваў шмат якія рэгіёны — Полацак, Слуцак, Гомель, — і яму вельмі спадабалася.

На мінулым тыдні новы часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Ітан Голдрыч, які нядаўна толькі прыехаў у краіну, зрабіў першую паездку па Беларусі — наведаў Нясьвіж. Ён кажа, што патэнцыял для разьвіцьця агратурызму ў Беларусі ёсьць, і спадзяецца, што гэты праект будзе рэалізаваны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG