Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Салея: У фэдэрацыі сказалі, што кніга пра Руслана іх ня ўразіла


Сям’я Руслана Салея выехала ў Яраслаўль, дзе пачынаюцца жалобныя імпрэзы ў памяць пра 44 пасажыраў самалёта «Як-42», які 7 верасьня 2011 году пацярпеў катастрофу ў аэрапорце Тунашна.

Усе, хто загінуў, — гульцы і пэрсанал хакейнай каманды «Лякаматыў». Сярод іх тры беларусы — хакеісты Руслан Салей і Сяргей Астапчук, а таксама трэнэр па фізвыхаваньні Мікалай Крываносаў. А напярэдадні ў Менску была прэзэнтаваная кніга, якой не пабачылі ні яе аўтар, ні галоўны герой. Аб’ёмісты жыцьцяпіс, прысьвечаны Руслану Салею, спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч рыхтаваў да гадавіны трагедыі. Аднак і сам не дажыў месяц да прэзэнтацыі.

На стале з прозьвішчамі Салея і Аляхновіча сымбалічна суседнічаюць тэлефон, ноўтбук ды дыктафон. Гэта галоўныя інструмэнты Сяргея Аляхновіча, з дапамогай якіх паўставала кніга «Руслан Салей. Simply the Best». Вядоўца імпрэзы Дзьмітрый Верашчагін згадаў, што Сяргей, нягледзячы на акрэдытацыю на матчы футбольнага чэмпіянату Эўропы 2012 году, нібыта нешта прадчуваючы, адмовіўся ад камандзіроўкі і працягваў працу:

«Сяргей быў акрэдытаваны на чэмпіянат Эўропы па футболе, мог ехаць ва Ўроцлаў, адтуль нават плянаваў наведаць сваю любімую Прагу. Аднак ён адмовіўся ад гэтай паездкі, сказаў — не-не, вельмі баюся, што мне ня хопіць часу, магчыма, нешта здарыцца з друкам, і я не пасьпею да гадавіны. І нікуды не паехаў. Да гадавіны Сяргей пасьпеў. На жаль, ён сам пабачыў гэтую кнігу толькі ў яе пілётным варыянце — яшчэ бяз вокладкі і без фатаздымкаў. Але ў ёй усё так, як адпачатку задумваў Сяргей. Кніга такая, якой ён яе бачыў».

Кнігу пра свайго сябра-хакеіста Сергей Аляхновіч задумаў амаль 10 гадоў таму, калі першы прадстаўнік Беларусі ў складзе каманды Нацыянальнай хакейнай лігі Anaheim Mighty Ducks выйшаў у фінал самага прэстыжнага Кубка Стэнлі. Аднак тады Руслан пасаромеўся залішняй увагі да сваёй пэрсоны, і справу вырашылі адкласьці да заканчэньня ягонай кар’еры. Прысьпешыць падзеі прымусіла мінулагодняя авіякатастрофа. З прадэманстраваных архіўных кадраў Першага расейскага каналу было відаць, якой асабістай трагедыяй для Сяргея Аляхновіча стала тое здарэньне:

Руслан Салей і журналіст Сяргей Аляхновіч, Менск 2004 год

Руслан Салей і журналіст Сяргей Аляхновіч, Менск 2004 год

«Мне цяпер цяжка, але непараўнальна цяжэй усім блізкім, усім родным… Такое гора, такая трагедыя — так не павінна быць. Для мяне сказаць, што гэта шок, — не сказаць нічога. Загінулі людзі, і сярод іх — мой сябра. Я не магу гаварыць пра Руслана ў мінулым часе, для мяне ён да гэтага часу застаецца жывым… Кантактавалі мы зь ім літаральна ўчора па скайпе, перакінуліся толькі парай слоў, бо зьбіраліся сёньня сустрэцца ў Менску пасьля трэніроўкі ўвечары, якраз у гэты час. Ён вельмі хацеў, чакаў гэтага матчу, свайго першага афіцыйнага матчу на „Менск-Арэне“. Руслан казаў, што пасьля таго, як падпісаў кантракт зь „Лякаматывам“, ня ведае, як яго сустрэне „Арэна“, будуць асьвістваць ці пляскаць у ладкі. Таму, вядома, хвалюецца. І тут гэтая навіна, якая літаральна забіла мяне, у раёне трэцяй гадзіны…»

Яшчэ раз згадаць самых блізкіх людзей прыйшлі іх родныя. У залі былі бацька Сяргея Аляхновіча Аркадзь Ёсіфавіч, маці Руслана Салея Тамара Гаўрылаўна і ягоная амэрыканская жонка Бэтан з трыма малымі дзецьмі — сынам, якога завуць Аляксандра, дочкамі Алексіс і Эйвай. Пляменьніца Руслана Вольга Салей кажа, што праўдзівасьці кнігі спрыяла блізкасьць сяброў:

«Можа, у яго штосьці і не атрымалася, можа, хтосьці знойдзе, да чаго прычапіцца і раскрытыкаваць, але я ведаю, што Сяргей сапраўды аддаў жыцьцё гэтай кнізе — і ў простым, і ў пераносным сэнсе. Магчыма, гэта галоўная праца яго жыцьця, многія і так ацэньваюць гэтую кнігу. І, вядома ж, кніга стала помнікам для Руслана, таму што наўрад ці хто змог бы напісаць штосьці такое жывое, дый наўрад ці хто з журналістаў так добра яго ведаў. А Сяргей быў ня проста журналістам, але і блізкім сябрам Руслана. І наўрад ці каму яшчэ Руслан так давяраў…»

Сам Сяргей Аляхновіч яшчэ пры жыцьці расказваў, што кніга давалася ня надта проста. Чыноўнікі Фэдэрацыі хакею фактычна забракавалі выданьне на той падставе, што яно, маўляў, няправільна ідэалягічна вытрыманае. У прыватнасьці, там няма згадак пра Аляксандра Лукашэнку, які неаднаразова заяўляў, што ледзьве не апекаваўся Салеем і даваў таму магчымасьць трэніравацца з прэзыдэнцкай камандай. Пачаўся своеасаблівы шантаж: адцэнзуруеш зьмест — дапаможам фінансава. Такая гульня абурае Тамару Гаўрылаўну Салей:

«Я пра Руслана магу гаварыць бясконца, але я вельмі ўдзячная Сярожу Аляхновічу за стварэньне гэтай кнігі. Бо Сярожа, напісаўшы кнігу, сапраўды пакінуў памяць навечна пра Руслана. І хоць чыноўнікі з хакейнай фэдэрацыі сказалі, што яна іх ня ўразіла, дык я, шчыра кажучы, не разумею, па якіх крытэрыях яна іх ня ўразіла. Асабіста мяне яна ўразіла вельмі, таму што там — адкрытая праўда пра Руслана, там ніякіх прыўкрас, ніякіх прыдумак няма. І яшчэ раз вялізны дзякуй бацьку Сяргея Аляхновіча за такога цудоўнага, прынцыповага сына…»

Сапраўды, у ацэнцы прафэсійнай дзейнасьці Сяргея Аляхновіча найчасьцей гучалі словы «прынцыповасьць» і «прыстойнасьць». Так нарадзілася ідэя заснаваць прыз для журналістаў за «прыстойнасьць у прафэсіі» — не грашовы, як удакладняе рэдактар кнігі Руслан Бацянкоў, бо прыстойнасьць нельга вымяраць матэрыяльна:

«Сам прыз пакуль толькі вымалёўваецца. Гэта можа быць нейкі сымбалічны ноўтбук — ня ведаю, са сталі, з жалеза, зь іншага матэрыялу. Пераможца будзе вызначацца, напэўна, блізкімі сябрамі Сяргея і без прывязкі да якойсьці канкрэтнай даты, бо прыстойнасьць у прафэсіі — паняцьце пазатэрміновае. Я думаю, гэта будзе добрая, найперш маральная, ацэнка тым людзям, якія будуць гэтую прэмію, гэты прыз атрымліваць».

Ніхто зь дзяржаўных і спартовых чыноўнікаў імпрэзу ў памяць хакеіста Руслана Салея і журналіста Сяргея Аляхновіча не наведаў. Былі заўважаныя толькі трэнэры хакейнага клюбу «Юнацтва» Міхаіл Захараў і Алег Хмыль, у якім калісьці рабіў першыя крокі да зорнай кар’еры і малады Руслан Салей.
XS
SM
MD
LG