Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2012: сустрэцца з кандыдатамі пажадалі 35 чалавек з 3000


Заўважнай актыўнасьці ў выбарчай кампаніі не выяўляюць ні кандыдаты, ні выбаршчыкі. Агітацыйныя пікеты на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак — рэдкая зьява. Шмат прыкладаў, калі на сустрэчы з кандыдатамі, арганізаваныя ў прасторных залях палацаў культуры, прыходзяць лічаныя людзі. Канкрэтныя прыклады гэтага — у рэгіянальным аглядзе «Свабоды».

На Гомельшчыне ніводзін з праўладных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ня выявіў жаданьня паўдзельнічаць у тэледэбатах. Падрабязнасьці — у карэспандэнта «Свабоды».

Сёньня ў рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі на гэты конт паведамілі: «Пакуль ня можам сказаць — пакуль мы не паказвалі, пакуль мы яшчэ не запісвалі».

Кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 39 Марат Афанасьеў апавёў, што асабіста прапаноўваў арганізаваць тэледэбаты з прэтэндэнтамі на дэпутацкі мандат у сваёй акрузе. Аднак прадстаўнікі Лібэральна-дэмакратычнай партыі й Рэспубліканскай партыі працы й справядлівасьці адмовіліся ад тэледэбатаў. Адмовіўся ад іх і праўладны кандыдат — старшыня Рэчыцкага райвыканкаму Пятро Шостак.

Чаму ігнаруе тэледэбаты старшыня Рэчыцкага райвыканкаму?


У Афанасьева на гэты конт сваё меркаваньне: «Шостаку зразумела, што ён прызначаны ў Палату. Ён вылучаецца, ня маючы ніякага дачыненьня ні да Чачэрскага, ні да Веткаўскага, ні да Буда-Кашалёўскага раёнаў. Да гэтага ён працаваў у Сьветлагорску. Ну чаму ён не пайшоў вылучацца са Сьветлагорску? Альбо са сваёй Рэчыцы?»

Кандыдат Афанасьеў лічыць, што й пра рэчыцкія справы старшыні Шостаку дэбатаваць не з рукі:

«Я так разумею, што ў Рэчыцы ён ужо, так бы мовіць, заплямлены, таму што ягонага намесьніка арыштавалі за злоўжываньні. Дык паслухай, калі ты ня змог прадухіліць гэтую сытуацыю, дык пасып галаву попелам, напішы заяву й сыдзі. Бо гэта твая непасрэдная віна — твой падначалены трапіў пад крымінальны артыкул. Не, ён пайшоў балятавацца ў Буда-Кашалёва. Пра што ён будзе са мной спрачацца?»

Ад апазыцыі — Палякоў, Случак, Гараненкаў, а ад улады — нікога

Яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты ад АГП у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34, Васіль Палякоў, таксама напісаў заяву на тэледэбаты. Тое ж самае зрабілі й незалежныя кандыдаты Ігар Случак і Яраслаў Гараненкаў. А вось кандыдат ад улады Міхаіл Пачынок не захацеў дэбатаваць.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
Палякоў: «Калі ў выступах можна казаць тое, што хочаш, то падчас дэбатаў трэба адказваць на пытаньні. Пытаньні могуць быць вострымі. Эканамічная сытуацыя вельмі складаная ў Беларусі, і ня так проста знайсьці адказы на злабадзённыя пытаньні. І каб не выглядаць дрэнна на тэлебачаньні ці па радыё, праўладныя кандыдаты й адмаўляюцца ад дэбатаў».

Не выходзяць кандыдаты на сьвежае паветра

Пакуль не выходзяць кандыдаты ў дэпутаты й на сьвежае паветра. З аднаго боку, акруговыя камісіі яшчэ не надрукавалі агітацыйныя матэрыялы, зь іншага — забароны на масавыя мерапрыемствы адвучылі людзей ад вуліцы. Перадвыбарчыя рэклямныя стэнды таксама застаюцца пустымі.

Прынамсі, у Гомелі свой агітацыйны пікет выстаўляе пакуль толькі дырэктар ВА «Гомсельмаш» Валер Жмайлік, які балятуецца кандыдатам у Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акрузе № 32.

Жыхар Горадні Раман Юргель — назіральнік на выбарах ад праваабарончай грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт». Ён адзначае выступы на абласным тэлебачаньні двух прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта — Вадзім Саранчукоў з партыі БНФ, ён балятуецца ў Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе № 50, і Юры Істомін з АГП, кандыдат у Гарадзенскай Паўночнай акрузе № 51.

Раман Юргель
Раман Юргель
Юргель: «Цэнзуры выступаў не было, і кандыдатам удалося сказаць, што выбары — гэта фарс, што васямнаццаць гадоў няма выбараў, што ў турмах палітвязьні знаходзяцца, крымінальныя справы на журналістаў заводзяцца. Уразіла тое, што яны сказалі, што за сем дзён здымуць свае кандыдатуры ў знак пратэсту. І адметна, што ім далі выступіць, ня выразалі».

Тым часам прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», якія балятуюцца ў Горадні, ад тэлевыступаў адмовіліся.

Юргель: «Выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў адбываецца раз на чатыры гады, і прадстаўнікі апазыцыйнай партыі, якіх, тым больш, зарэгістравалі, дапусьцілі да гэтых тэлевыступаў, маглі б знайсьці час выступіць перад выбарцамі».

Другі гарадзенец — Мікола Воран — раней актыўна дапамагаў апазыцыйным кандыдатам праводзіць выбарчую кампанію, перажываў за тое, наколькі ўдала ім удасца запісаць на тэлебачаньні свой зварот да выбарцаў. Сёньня ў спадара Ворана іншая пазыцыя.

«Тэледэбаты ніякай карысьці не прынясуць...»

Воран: «Людзі не праяўляюць цікавасьці да гэтых выбараў, яны разумеюць, што гэта фарс. Яны не глядзяць гэтыя тэлевыступы, ім нецікава, таму што яны ведаюць, што гэта бессэнсоўна. Мой пункт гледжаньня такі: гэтыя тэлевыступы, дэбаты так званыя ніякай карысьці не прынясуць. Для выступу на тэлебачаньні і радыё даецца некалькі хвілін. І ў гэтым фарсе, я думаю, удзельнічаць ня трэба, гэта прынясе толькі шкоду. Як вам сказаць, — гэта проста легалізуе гэты рэжым у вачах усясьветнай грамадзкасьці, вось і ўсё».

Некаторыя дэпутаты ад апазыцыі выкарыстоўваюць таксама магчымасьць сустрэцца з працоўнымі калектывамі. Адна з такіх сустрэч адбылася ўчора ў Барысаве ў Палацы культуры заводу «Аўтагідраўзмацняльнік». Удзельнічаў у ёй кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) па Барысаўскай выбарчай акрузе № 62 Леў Марголін. Вось што сёньня ён паведаміў «Свабодзе»:

Леў Марголін
Леў Марголін
«А 16 гадзіне, калі быў прызначаны пачатак гэтай сустрэчы, у залі было ўсяго 15 чалавек. Пасьля падышлі яшчэ чалавек 20 — напэўна, канторскія. І, такім чынам, у залі, якая разьлічаная па меншай меры на 400 чалавек, прысутнічалі ўсяго чалавек 35. Гэта вельмі наглядна вызначае цікавасьць, якая ёсьць у выбарцаў да гэтых так званых выбараў. Хоць намесьнік дырэктара казаў, што яны вывесілі аб’яву загадзя, яшчэ за тыдзень, але, паводле ягоных слоў, „нікога не прымушалі“. Калі сапраўды было так, то тады выяўляецца сапраўдная абыякавасьць людзей да прызначаных выбараў».

Карэспандэнт: «У гэтай сытуацыі абыякавасьці хоць якія-небудзь пытаньні задавалі прысутныя кандыдатам?»

«Задавалі...Да прыкладу, цікавіліся эканамічнай праграмай АГП: ці мы толькі крытыкуем, альбо маем пазытыўную канкрэтную праграму? Я дастаткова падрабязна пра гэта распавёў. Ну, і былі, вядома, пытаньні пра сярэдні заробак, у тым ліку і да кіраўніцы спраў Барысаўскага райвыканкаму Тамары Красоўскай, якая таксама зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты па гэтай жа акрузе. Яна адразу засмуцілася, а пасьля сказала, што ў яе „сярэдняя зарплата“. Я запытаў: „А лічбы можаце назваць?“ У адказ пачуў: „А навошта вам канкрэтныя лічбы?“ Вось бачыце, чыноўнікі шмат гавораць пра нейкія таямніцы апазыцыі, але ў прадстаўнікоў улады таксама...»

На сход у Барысаве прыйшлі 35 чалавек з трохтысячнага калектыву заводу «Аўтагідраўзмацняльнік»

Увогуле з таго, што на сход прыйшоў усяго адзін працэнт ад агульнай колькасьці працаўнікоў, можна рабіць канкрэтныя высновы..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG