Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя кандыдаты агітуюць не за сябе, а за байкот


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Пасьля двух дзён «тэхнічных праблем» на БТ аднавілі запіс выступаў кандыдатаў у дэпутаты, а таксама дэбатаў. Аднак гарантыі таго, што выступы будуць паказаныя ў эфіры, у Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі не даюць. Прычына ў тым, што кандыдаты ад апазыцыі ў сваіх выступах агітуюць не за сябе, а за байкот.

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў запісваў свой выступ на тэлебачаньні раніцай 5 верасьня. Юрыст БТ папярэдзіў яго:

«У вашым выступе не павінна ўтрымлівацца заклікаў да гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу, зьнявагі або паклёпу ў адносінах да службовых асоб дзяржавы, а таксама іншых кандыдатаў».

У сваім выступе Мікалай Казлоў найперш згадаў выпадак парушэньня закону падчас мінулай парлямэнцкай выбарчай кампаніі:

«Я тут з адной мэтай — пераканаць вас адмовіцца прымаць удзел у мерапрыемстве, якое ў нашай краіне чамусьці называецца выбарамі. У 2008 годзе на мінулых выбарах я быў відавочцам таго, як вечарам пасьля сканчэньня датэрміновага галасаваньня сябры камісіі Гладкая і Пятніца тайна кінулі ў скрыню бюлетэні за патрэбнага ўладзе кандыдата. Я злавіў іх за руку».

Паводле спадара Казлова, Аляўціна Гладкая і Аляксей Пятніца ніяк не былі пакараныя за гэты ўчынак, і ў часе гэтай кампаніі яны працягваюць працаваць у той жа выбарчай камісіі. А спадар Казлоў вымушаны быў сысьці ў запас. Як кандыдат Мікалай Казлоў заклікаў выбарцаў:

«Адмоўцеся ад удзелу ў чарговым падмане, які ўлада называе выбарамі. Я ў сваю чаргу абяцаю зьняць сваю кандыдатуру непасрэдна перад галасаваньнем».

Цягам двух дзён на БТ ніякіх запісаў выступаў і дэбатаў кандыдатаў не рабілі, спасылаючыся на нейкія непаладкі. Сёньня запісы аднавілі, нічога асабліва не рамантуючы, патлумачылі на БТ:

«Для запісу дэбатаў і выступаў пісалася новая адмысловая праграма. У працэсе запісу выявіліся новыя нюансы. Вось гэтыя нюансы ліквідавалі за два дні, і цяпер пішам зноўку».

5-хвілінны выступ Мікалая Казлова павінны паказаць увечары 7 верасьня, але гарантыі на гэты конт не даюць — юрыст БТ паведаміў Казлову, што відэазапіс накіруюць у ЦВК, а там пасьля цэнзуры вырашаць, ці можна яго пускаць у эфір. Радыёзапіс выступу Мікалая Казлова ў эфір так і не прайшоў — менавіта з-за таго, што ён заклікаў не хадзіць на гэтыя выбары.

Улётак са сваімі партрэтамі спадар Казлоў ня робіць, ён нават не пасылаў фота ў акруговую камісію для вырабу агульнага пляката з партрэтамі кандыдатаў. Усе кандыдаты ад АГП маюць агульную задачу — заклікаць людзей да няўдзелу ў галасаваньні, кажа ён:

«У гэтай кампаніі я агітую за байкот. Хачу данесьці людзям, што выбараў няма, а бяз выбараў у нас няма ніякіх правоў, мы ня здольныя ўплываць на ўладу. Таму чыноўнікі проста купаюцца ў сваёй беспакаранасьці».

На перадвыбарчых інфармацыйных стэндах 106-й Коласаўскай акругі няма інфармацыі пра кандыдата Казлова, там ёсьць толькі ўлёткі кандыдата ад улады — загадчыка 34-й менскай паліклінікі Дзьмітрыя Шаўцова. Толькі за яго агітуюць на вуліцах давераныя асобы, хоць вялікай цікавасьці ў грамадзян яны не выклікаюць:

Спадар: «Якія выбары могуць быць? Гэта ня выбары, гэта прызначэньне».

Давераная асоба Шаўцова: «Гэта галоўны лекар паліклінікі».

Спадар: «Ну і што? Вы ў „Народнай волі“ чыталі пра гэтых лекараў, якіх 14 чалавек у Палаце прадстаўнікоў і якія хворым на тры дні адзін пампэрс зацьвердзілі? Гэта лекары, называецца. І ён такі ж, яго Лукашэнка прызначае. Выбараў у нас няма, байкот трэба гэтым выбарам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG