Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзьніка Кавалькова пусьцілі на завод


Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў

5 верасьня старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў трапіў на тэрыторыю прадпрыемства. Яму разблякавалі пропуск.

Пра тое, што пропуск 5 верасьня разблякуюць, Міхаілу Кавалькову паведамілі неўзабаве пасьля сустрэчы кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў з адміністрацыяй заводу.

«Вось я толькі што выйшаў з кабінэту намесьніка дырэктара па ідэалёгіі Ўладзімера Елісенкі — пытаньне з пропускам вырашана. Вось мы ідзём з Уладзімерам Уладзімеравічам, і ён кажа, што вырашана назаўжды. На дадзены момант, такім чынам, канфлікт з пропускам урэгуляваны, і я спадзяюся, што ўсё так будзе й надалей», — паведаміў Міхаіл Кавалькоў.

Ад 8 чэрвеня, як сьцьвярджае актывіст, ён на завод праходзіў толькі два разы — 29 чэрвеня і 10 ліпеня.

Сёньня ж, перад тым як Міхаіл Кавалькоў прайшоў на завод, Бабруйскі суд тлумачыў яму, што мелася на ўвазе, калі 8 чэрвеня суд пастанавіў, каб адміністрацыя прадпрыемства разблякавала ягоны пропуск з тым, каб ён мог праходзіць на завод. Па тлумачэньні ў суд зьвярнуўся сам прафсаюзьнік.

Кавалькоў: «Судзьдзя сказала — а што тлумачыць? „У пастанове выразна напісана: разблякаваць пропуск на тэрыторыю заводу“. Я ёй тады: „Яны спачатку разблякавалі, а потым зноў заблякавалі“. Судзьдзя параіла фіксаваць нядопуск на завод і пісаць скаргі на прыцягненьне вінаватых да адміністрацыйнай адказнасьці, альбо пісаць паўторны пазоў з патрабаваньнем разблякаваць пропуск на тэрыторыю заводу і забясьпечыць бесьперашкодны доступ туды. У першым жа пазове было патрабаваньне толькі разблякаваць пропуск, і суд, як патлумачыла судзьдзя, ня меў права выходзіць за межы гэтага патрабаваньня. Такая вось казуістыка. Прадстаўнікі адміністрацыі заводу заявілі ў судзе, што яны мяне пускаюць на завод».

Калі пытаньне з пропускам Кавалькова вырашана, то пытаньне з офісам суполкі застаецца адкрытым.

Паводле Міхаіла Кавалькова, з офіса, які знаходзіўся ў будынку заводакіраўніцтва, суполку прымусова выселілі на той падставе, што скончыўся тэрмін арэнды памяшканьня. Адміністрацыя заводу прапаноўвала прафсаюзьнікам іншае памяшканьне, адкуль, аднак, няма праходу на тэрыторыю прадпрыемства. Гэта не задавальняе прафсаюз, бо, як заяўляе Кавалькоў, ускладняе працу кіраўнічых органаў суполкі зь сябрамі прафсаюзу на самім прадпрыемстве. Уваход у памяшканьне, якое служыла сядзібай суполкі, ужо замураваны.

Тым часам, як паведаміў Міхаіл Кавалькоў, ціск на сяброў незалежнага прафсаюзу на заводзе працягваецца і нават узмацняецца. Кавалькоў сьцьвярджае, што працаўнікам спачатку паведамляюць, што зь імі ня будуць працягваць кантрактаў, а калі яны зьвяртаюцца да кіраўніцтва, ім прапануюць выйсьці з Свабоднага прафсаюзу Беларускага — тады іх пакінуць на заводзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG