Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўская выбарчая акруга: Кастусёў і Мілешчанка патрабуюць зьняць з выбараў апанэнта


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

5 верасьня кандыдаты на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў і партыі левых «Справядлівы сьвет» Зінаіда Мілешчанка пісьмова запатрабавалі зьняць з выбараў свайго апанэнта па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, намесьніка старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандра Агеева.

Нагодай для звароту ў акруговую камісію сталася, як сьцьвярджае Рыгор Кастусёў, выкарыстаньне Агеевым адміністрацыйнага рэсурсу для прасоўваньня сваёй кандыдатуры.

Кастусёў: «Пасьля рэгістрацыі, якая адбылася 22 жніўня, ён меўся пайсьці ў адпачынак, але гэтага не зрабіў. На наступны дзень, 23 жніўня, ён як намесьнік старшыні Дзяржкантролю праводзіў тэлефонную „прамую лінію“ з жыхарамі Круглянскага раёну, а 24 жніўня ўдзельнічаў у настаўніцкай нарадзе Бялыніцкага раёну. Мы разглядаем удзел нашага апанэнта ў „прамой лініі“ і на нарадзе як агітацыю — як „раскрутку“ сваёй кандыдатуры».

Як заяўляе Рыгор Кастусёў, калі акруговая камісія не задаволіць скаргу, то ён і Мілешчанка будуць зьвяртацца ў Цэнтральную выбарчую камісію.

4 верасьня адбыліся дэбаты між кандыдатамі ў дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе. У іх узялі ўдзел Рыгор Кастусёў і Зінаіда Мілешчанка. Аляксандар Агееў адмовіўся дэбатаваць са сваімі апанэнтамі.

У перадвыбарчым радыёвыступе 30 жніўня чыноўнік заявіў, што ня бачыць сэнсу дыскутаваць зь людзьмі, якія толькі беспадстаўна крытыкуюць і не зважаюць на дасягненьні ў краіне. Акрамя таго, зьвінаваціў прадстаўнікоў «некаторых палітычных партый» у тым, што «яны абмяркоўваюць з чальцамі кангрэсу ЗША магчымасьці ўплыву Амэрыкі на сытуацыю ў краіне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG