Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альтэрнатыва» — новы моладзевы грамадзкі рух, які заснаваў актывіст Алег Корбан.

Арганізацыя ўжо атрымала рэгістрацыю ў Латвіі і мае лягатып. Наступны крок — дабівацца рэгістрацыі ў Менску.

Алег Корбан: «Летам гэтага году я разам са сваімі сябрамі, паплечнікамі прыняў рашэньне стварыць новую арганізацыю, якая будзе абараняць правы і інтарэсы студэнтаў. Прыдумалі невыпадковую назву „Альтэрнатыва“. У плянах — правесьці ў Менску ўстаноўчы сход, прэзэнтацыі і дабівацца тут рэгістрацыі».

Цяпер у арганізацыі каля 25 чалавек. На пытаньне, што канкрэтна будзе рабіць «Альтэрнатыва», Алег Корбан адказаў наступным чынам:

«Усё тое, чаго не хапае сёньняшняму грамадзтву. Гэта папулярызацыя ідэй дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Мы прадугледжваем непасрэдную працу з нашай мэтавай групай — гэта працоўная моладзь і студэнты. Гэта інфармацыйны кірунак, адукацыйны. І ў цэнтры ўвагі вулічны ўдзел — адстойваньне сваіх правоў актыўным чынам».

Адшукаць «Альтэрнатыву» можна ў сацыяльных сетках. Неўзабаве зьявіцца сайт арганізацыі.

Пракамэнтаваць зьяўленьне новага моладзевага руху Радыё Свабода папрасіла грамадзкага актывіста Андрэя Кіма:
«Моладзевы рух у Беларусі ўжо досыць даўно знаходзіцца ў сур’ёзным крызісе. Усе гэта ведаюць, усе гэта бачаць. Але ніхто пра гэта не гаворыць. Новыя назвы нічога плённага не прынясуць, калі за гэтым ня будуць стаяць новыя справы.

Як паказвае досьвед „Маладога фронту“, праца з моладзьдзю — гэта самая небясьпечная праца ў Беларусі, якая толькі можа быць. Акурат за маладымі людзьмі найбольш пільна сочыць КДБ і часьцей за ўсё іх „закрывае“. Нават за нейкія бязьвінныя рэчы. Бо ўлады разумеюць, што праца з моладзьдзю можа быць згубнай для іх.

Зараз сытуацыя вельмі прыкрая. Я б хацеў, каб яна палепшылася. І магу толькі падтрымаць тых людзей, якія нейкія намаганьні для гэтага прыкладаюць».


Алег Корбан нарадзіўся ў 1985 годзе. Пачаў займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ў пятнаццацігадовым веку. Скончыў машынабудаўнічы ліцэй. Потым навучаўся ў Міжнародным гуманітарным эканамічным інстытуце. У 2007 годзе Корбан быў пакараны штрафам у рамках крымінальнай справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — «Маладым фронце».

Удзельнічаў у выбарчай кампаніі Яраслава Раманчука, быў кіраўніком выбарчага штабу па Менску. Пасьля выбараў быў арыштаваны, праходзіў па справе «масавых беспарадкаў». У жніўні 2011 году крымінальная справа супраць яго была спыненая. У студзені 2011 году быў абраны старшынём «Маладых дэмакратаў».

Сёлета кінуў выклік лідэру партыі Анатолю Лябедзьку, выставіўшы сваю кандыдатуру на пасаду старшыні партыі. У сваім паведамленьні аб вылучэньні на пасаду старшыні партыі Алег Корбан напісаў, што цяперашняе кіраўніцтва ігнаруе ідэйныя прапановы партыйцаў. Але на зьезьдзе АГП, які меўся абраць старшыню, узяў самаадвод, а пазьней пакінуў партыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG