Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: Савет рэспублікі — зусім непатрэбная арганізацыя


Савет рэспублікі фармуецца ў складзе 64 чалавек: па васьмі ад кожнай вобласьці і Менску, яшчэ восем прызначае прэзыдэнт. Сыходзячы з пададзеных у Цэнтравыбаркам дакумэнтаў, выбары зноў адбудуцца на безальтэрнатыўнай аснове. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, не было такога выпадку, каб некаму адмовілі ў рэгістрацыі. Гэта зьвязана з тым, што праводзіцца «вельмі жорсткі папярэдні адбор», а вылучэньнем займаюцца дзяржаўныя органы, якія вельмі падрабязна вывучаюць кандыдатуры.

«Як правіла, выбары ў Савет рэспублікі праходзяць безальтэрнатыўна, хаця заканадаўства дазваляе вылучэньне некалькіх кандыдатур на альтэрнатыўнай аснове. Тут ня могуць быць авантурысты, папулісты і выпадковыя людзі. Тут немагчыма ўбачыць людзей з крымінальным мінулым, якія па некалькі разоў адседзелі ў турме, а потым раптам пажадалі пасядзець у парлямэнце. Там самая ярая апазыцыя ёсьць. Бо ўсе сябры Савету рэспублікі падзелены на 7 рэгіянальных груп. Кожныя 8 сяброў Савету рэспублікі прадстаўляюць свой рэгіён і зьяўляюцца апазыцыянэрамі да ўсіх астатніх».

Старшыня БХК Алег Гулак адзначае, што падчас выбараў у Савет рэспублікі няма працэдуры назіраньня. Пра цікавасьць жа да выбараў можна казаць толькі тады, калі ёсьць альтэрнатыва ці нейкая інтрыга і рэальнае мясцовае самакіраваньне.

«Ну, а якая ў нас інтрыга можа быць? Ніякай. Таму ўсё так ціха і праходзіць. Калі б у нейкім Баранавіцкім гарсавеце былі некалькі партыяў, мелі некалькі варыянтаў, па некалькі кандыдатаў, якія паміж сабой спрачаліся б, то інтрыга была б. Ну, а ў нас гэта ж у прынцыпе немагчыма».

Як паведамляе сайт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», да прыкладу, кандыдаты ў Савет рэспублікі ад Менску «неаднаразова адзначалі сваю згоду зь дзейным палітычным рэжымам у краіне пад кіраўніцтвам Лукашэнкі». Сярод кандыдатаў вылучаны цяперашні старшыня Савету Анатоль Рубінаў і старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб адзначае, што вакол выбараў у Савет рэспублікі «ўсё ціха, нікога гэта не хвалюе і нікому гэта не патрэбна». Ён мяркуе, што гэта таксама ёсьць вынікам працы гэтага органу.

«Гэта чыста штучная арганізацыя, прыдуманая, зусім непатрэбная ў парлямэнце ўнітарнай дзяржавы, такой як Беларусь. Гэты Савет нічога не вырашае. Ён зьяўляецца яшчэ адным бар’ерам, каб кантраляваць працу Палаты прадстаўнікоў. Савет рэспублікі яшчэ больш праўладны, чым Палата прадстаўнікоў, і будзе выконваць місію кантролю, каб чаго-небудзь недазволенага не прапусьціць у нейкі закон. Вось і ўся яго місія. Вылучыцца туды прадстаўнікам апазыцыі, незалежнага грамадзянскага сэктару магчымасьці ніякай няма. Таму гэта не выклікае ніякай цікаўнасьці. Дзяржава багатая — траціць грошы на ўтрыманьне гэтага нікому не патрэбнага Савету».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG