Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігу пра Рахмона выдаў «Беларускі кнігазбор»


Эмамалі Рахмон, фота з кнігі
Эмамалі Рахмон, фота з кнігі

«Подзьвіг Эмамалі Рахмона» — такую кнігу накладам у 300 асобнікаў надрукавала беларускае выдавецтва «Кнігазбор». Прэзэнтацыя кнігі адбылася ў будынку менскай штаб-кватэры СНД.

«Кнігазбор» — аўтарытэтнае беларускае выдавецтва з добрай рэпутацыяй, знакамітае сваёй сэрыяй «Беларускі кнігазбор». Яна яднае грунтоўныя выданьні беларускай літаратурнай і акадэмічнай: ад Францішкі Ўршулі Радзвілі да Ларысы Геніюш, ад Фадзея Булгарына да Адама Станкевіча. Мець на хатняй кніжнай паліцы як найольш выданьняў «Беларускага кнігазбору» (а іх каля шасьці дзясяткаў) — адзнака добрага густу. А цяпер у тут выйшла кніга Эмамалі Рахмона, які ва ўсім сьвеце абвінавачваецца ў парушэньні правоў чалавека. Ці былі сумненьні: выдаваць ці не выдаваць? Адказвае дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі:

«Фактычна сумненьняў не было. Кніга на беларускай мове прадстаўляе Таджыкістан. Тое, што ў іх там герархія, радавыя гэтыя штучкі... Мы ў гэта не ўдаваліся. Бо і „Рухнаму“ выдавалі па-беларуску, бо трэба было людзям пачытаць усё ж такі. І надуманае ёсьць, і ўсё. Карацей, пытаньне такое ўзьнікла ў нас спачатку. Але пасьля мы падумалі: калі ня мы выдадзім, то ўсё адно хтосьці выдасьць. А калі ня выдасьць на беларускай мове, то тады па-расейску будзе. Хай ужо лепш будзе па-беларуску».

«Подзьвіг Эмамалі Рахмона» прадстаўлены як дакумэнтальна-мастацкая аповесьць. Яна ўслаўляе жыцьцё і дзейнасьць Эмамалі Рахмона — прэзыдэнта Таджыкістану з 1994 году. Біяграфія Рахмона вельмі падобная да біяграфіі беларускага прэзыдэнта. З 1988 па 1992 гады ён быў дырэктарам саўгасу імя Леніна, у 1990-м стаў народным дэпутатам Вярхоўнага Савету. А ў 1994-м — прэзыдэнтам. І застаецца ім дагэтуль. Бо ён праз рэфэрэндумы неаднаразова ўносіў зьмены ў Канстытуцыю, якая то павялічвала прэзыдэнцкі тэрмін да сямі гадоў (у 2003 годзе), то дазваляла яму балятавацца яшчэ двойчы. Толькі паводле дзеючай таджыцай канстытуцыі Рахмон можа заставацца прэзыдэнтам да 2020 году.

Апошняя справаздача міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Right Watch паведамляе, што ў Таджыкістане ёсьць сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека: сілавыя структуры ўжываюць катаваньні, людзей пазбаўляюць свабоды выказваньня, перасьледуюць незалежных журналістаў і абмяжоўваюць свабоду веравызнаньня. У 2010 сайт «Вікілікс» апублікаваў дакумэнты, якія нібыта сьцвярджалі, што сам прэзыдэнт Таджыкістана і ягоныя сваякі ўмяшаныя ў карупцыю надзвычайнага масштабу.

Дырэктар таджыцкай службы Радыё Свабода Саджыда Джахфарава:

«Фактычна ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта. Намінальна ёсьць інстытуты — парлямэнт, выканаўчая ўлада, судовая ўлада. Але апошняе слова — за ім. Палітычныя партыі маюць толькі 1–2 месцы ў парлямэнце, яны ня маюць вырашальнага голасу. Асноўныя месцы мае прэзыдэнцкая партыя.

Але сытуацыя не такая кепская, як у Туркмэністане ці ва Ўзбэкістане, дзе няма інтэрнэту, дзе патрэбная віза на выезд і людзі ня могуць выехаць з краіны. Такога ў нас няма».

«Подзьвіг Эмамалі Рахмона» напісаў таджыцка-беларускі тандэм аўтараў, у які ўваходзяць Ато Хамдам і Леанід Чыгрын. Апошні нарадзіўся на Віцебшчыне, але даўно жыве ў Таджыкістане. Ато Хамдам кажа, што яны ўжо шмат гадоў працуюць разам, і гэта ўжо дваццатая іхная супольная кніга на гістарычную тэматыку. На пытаньне, ці ня будзе наступнай кніга пра беларускага прэзыдэнта, Атом Хамдам адказвае: «Абавязкова будзе!» Абодва пісьменьнікі — сябры Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец

Пераклад на беларускую мову і выданьне «Подзьвігу Эмамалі Рахмона» ініцыявала амбасада Таджыкістана ў Беларусі. Перакладала з падрадкоўніка таксама сяброўка СПБ Ірына Качаткова. Рэдагавалі тэкст перакладу ў «Кнігазборы».

Варта зазначыць, што кніга выдадзена ў гонар 20-годзьдзя суверэнітэту Таджыкістана. Адказваючы на пытаньні журналістаў, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец ня змог дакладна сказаць, якія менавіта кнігі выйшлі з нагоды дваццацігодьдзя незалежнасьці Беларусі. Але выступаючы на прэзэнтацыі, ён паведаміў, што за апошні час на таджыцкую мову былі перакладзеныя тры кнігі беларускіх аўтараў. Сярод іх і кніга Георгія Марчука, які таксама выказаў сваё стаўленьне да беларускага перакладу «Подзьвіга Эмамалі Рахмона»:
Ня бойцеся сказаць, што вы можаце ганарыцца сваім чалавекам, сваім прэзыдэнтам. Не саромейцеся гэтага

«Гэта вельмі моцны знак адзінства лідэра нацыі і народу. Ня бойцеся сказаць, што вы можаце ганарыцца сваім чалавекам, сваім прэзыдэнтам. Не саромейцеся гэтага. Ніхто за гэта вас хуліць ня будзе. Бо чалавек гэтага варты. Дзякуй вам за гэтую ідэю. Я з задавальненьнем буду папулярызаваць гэтую кнігу».

Выданьне кнігі пра палітыка, дзейнасьць якога падвяргаецца жорсткай крытыцы ў дэмакратычным сьвеце, прымусіла згадаць, што ў 2003 годзе на беларускую мову быў перакладзены духоўны кодэкс туркмэнбашы Сапармурата Ніязава — «Рухнама». Пераклад вершаў зрабілі беларускія аўтары Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Кудравец і Анатоль Бутэвіч. Іх удзел у выданьні выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадзтве. Анатоль Бутэвіч кажа, што яны працавалі як выканаўцы. Ён ня ведае, што стала з накладам кнігі, якая выйшла ў выдавецтве УП «Сьветач»:

Па зьмесьце гэта кніга, якую павінная была б мець кожная дзяржава. Там выдатна выкладзеная гісторыя краіны. Канечне, яны, можа, перабольшылі значнасьць свайго народу. Усё астатняе — гэта палітыка. Мы, перакладчыкі, гаварылі толькі пра фактычны зьмест кнігі«.

Сьлядоў самога УП «Сьветач» у Менску адшукаць не ўдалося. Але ў 2003 годзе галоўны рэдактар «Сьветачу» Андрэй Вірчак заявіў Радыё Свабода, што выданьне «Рухнамы» было ягоным «душэўным памкненьнем». Выйшла «Рухнама» накладам накладам 2000 асобнікаў. У некаторых цэнтральных кніжных крамах Менску такой назвы ня ведаюць і ня памятаюць, ці была яна ў продажы. У Цэнтральнай кніжнай краме паведамілі, што такая была і даўно прадалася.

«Подзьвіг Эмамалі Рахмона» надрукавалі ў 500 асобніках, які раздавалі на прэс-канферэнцыі, а таксама будуць распаўсюджваць па бібліятэках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG