Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы кандыдат аказаўся не ў кампэтэнцыі міліцыі


Леанід Падбярэцкі

Леанід Падбярэцкі

Ленінскі аддзел міліцыі Магілёва спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэньні супраць кандыдата на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Леаніда Падбярэцкага, якога 4 верасьня затрымалі падчас правядзеньня агітацыйнага пікету. Матэрыялы справы міліцыянты перададуць у адміністрацыю Ленінскага раёну Магілёва.

Паводле міліцэйскай пастановы, у дзеяньнях Падбярэцкага не было прыкметаў парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», таму ў міліцыі няма кампэтэнцыі разглядаць справу. Яе матэрыялы перададуць у адміністрацыю раёну для далейшага прыняцьця ёй рашэньня адносна дзеяньняў Падбярэцкага.

Падбярэцкі: «Яны перадаюць справу, каб Ленінскі райвыканкам ці выбарчая камісія далі мне папярэджаньне. Гэта іхная задача такая, зразумела, калі яны на гэта пойдуць. Увесь сёньняшні дзень вялося за намі нейкая незразумелае віжаваньне. Калі зьявіліся супрацоўнікі міліцыі празь дзесяць хвілінаў, як мы паставілі стол — усё нам стала зразумела. Першай задачай іх было не дазволіць правесьці нам пікет. Прыехалі двое міліцыянтаў у чыне маёраў. Тут жа ўсё зразумела — мы ж ня дзеці».

Калі міліцыянты затрымлівалі Падбярэцкага, яго вінавацілі ў тым, што ён без дазволу ўлады арганізаваў агітацыйны пікет. Паводле міліцыянтаў, кандыдат меўся зьвярнуцца за два дні да пікету ў гарвыканкам па дазвол.

На пікеце меўся быць адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая падтрымлівае Падбярэцкага, Андрэй Дзьмітрыеў. Ён прыехаў, калі пікету ўжо не было:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Для беларускай фэміды закону не існуе, яна жыве толькі „па паняцьцях“. Калі былі прэзыдэнцкія выбары й „па паняцьцях“ трэба было, каб людзі бачылі агітацыю, то міліцыя сядзела ў сваім закутку. А цяпер улада робіць усё, каб людзі ня ведалі пра палітыку ды пра іншыя меркаваньні, таму, што „новая большасьць“ — гэта тыя, хто за перамены, і яны больш гэтую ўладу не паважаюць. Улада разумее, што іншыя меркаваньні будуць зь цікавасьцю слухаць і ўспрымаць, таму робіць любыя перашкоды. Улада ня хоча, каб мы ўцягвалі людзей у палітыку, а мы гэта робім».

Леанід Падбярэцкі балятуецца па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84. На дэпутацтва яго вылучала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», акрамя таго ён сабраў неабходную колькасьць галасоў выбарцаў у сваю падтрымку, каб вылучыцца.
XS
SM
MD
LG