Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэдзкія ўлады адмаўляюць свой удзел у «плюшавым дэсанце»


Карл Більд

Карл Більд

Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більд заявіў, што ўлады Швэцыі ня маюць дачыненьня да арганізацыі палёту швэдзкага лёгкаматорнага самалёту над Беларусьсю 4 ліпеня.

«Мы ня маем нічога агульнага з гэтым, ні ў якай форме гэтага не санкцыянавалі. Я разумею, што праваахоўнымі органамі вядзецца незалежнае расьсьледаваньне. Я пакідаю гэта праваахоўным органам», — заявіў Карл Більд на сустрэчы міністраў замежных спраў Балтыйскіх і Паўночных краінаў, якая праходзіць у Вільні. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» з спасылкай на агенцва BNS.

Кіраўнік МЗС Літвы Аўдроніс Ажубаліс паведаміў журналістам на сустрэчы, што літоўскія і швэдзкія праваахоўныя органы супрацоўнічаюць у расьсьледаваньні інцыдэнту з самалётам. «Найперш мы павінны дачакацца вынікаў расьсьледаваньня, і толькі потым больш пэўна камэнтаваць», — заявіў літоўскі міністар.

Літоўская пракуратура яшчэ ня вырашыла, ці задавальняць просьбу Беларусі аб прававой дапамозе ў расьсьледаваньні незаконнага перасячэньня беларуска-літоўскай паветранай мяжы швэдзкім самалётам 4 ліпеня. Тады швэды раскідалі з самалёта над мястэчкам Івянец і ўскраінай Менску плюшавых мядзьведзікаў з заклікамі да свабоды слова ў Беларусі. КДБ Беларусі завёў крымінальную справу па факце перасячэньня мяжы і заявіў, што чакае трох грамадзянаў Швэцыі для дачы паказаньняў. Больш за месяц беларускі журналіст Антон Сурапін і рыэлтар Сяргей Башарымаў адбылі ў вязьніцы КДБ ў якасьці затрыманых паводле падазрэньняў у дапамозе швэдам. 17 жніўня мера стрыманьня для іх была зьмененая на падпіску пра нявыезд.
XS
SM
MD
LG