Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйную суполку зноў захапілі


Апазыцыйную суполку «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» зноў захапілі спэцслужбы. Раней гэтая суполка была захопленая, выдаленая, а потым зноў адноўленая.

Пра гэта паведаміў «Свабодзе» адзін з адміністратараў апазыцыйных суполак «Вконтакте» Максім Чарняўскі:

«Пасьля таго як нашу суполку аднавілі, яе зноў захапіў КДБ праз акаўнт стваральніка самой суполкі. Проста „Вконтакте“ такі функцыянал, што стваральнік суполкі заўсёды мае паўнамоцтвы. Нават калі яго выдаліць з адмінкі, там, дзе кіруецца суполка, ён мае паўнамоцтвы. КДБэшнікі атрымалі да яго доступ, зараз яны кантралююць суполку і пішуць у ёй на мяне абразы. Яны спрабуюць мяне скампрамэтаваць з дапамогай маёй жа суполкі і пішуць, што я КДБэшнік. Насамрэч гэта вельмі сьмешна, калі супрацоўнікі КДБ, якія мусяць займацца злачынцамі і нацыянальнай бясьпекай краіны, лётаюць па Беларусі, хапаюць моладзь, якая нешта піша ў сеціве. Такіх людзей нават афіцэрамі назваць нельга. Гэта сьмешна. Цяпер я зноў напісаў у тэхнічную падтрымку сайта, патлумачыў, што пад акаўнтам стваральніка суполкі сядзяць КДБэшнікі, што яны цяпер кампрамэтуюць. І папрасіў, каб яны перадалі мне паўнамоцтвы стваральніка суполкі. Адказ мне прыйдзе толькі праз паўтара сутак».

Максім Чарняўскі мяркуе, што супрацоўнікі спэцслужбаў маглі выбіць паролі ў стваральніка суполкі Алега Шрамука і так атрымаць доступ да кіраваньня суполкай. Таксама ён распавёў, што апазыцыйная суполка «Шос» пакуль не аднаўлялася, бо яе адміністратар Андрэй Ткачоў адбывае 7-суткавы арышт на Акрэсьціна. Тым часам адзін з мадэратараў апазыцыйных суполак Павал Еўціхееў выйшаў на волю пасьля 5 сутак арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG