Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч перадае словы падтрымкі Зьмітру Дашкевічу


Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч непакоіцца за лёс іншых палітвязьняў. У кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага перарваліся кантакты з роднымі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Мікола Статкевіч даслаў адразу два лісты і патэлефанаваў сваёй жонцы, а гэта вялікая рэдкасьць, паведаміла «Свабодзе» Марына Адамовіч:

«Мікола пісаў па сьлядах свайго дня нараджэньня і прасіў дзякаваць усім, хто яго павіншаваў, у тым ліку спадарыні Івонцы Сурвіле, Сяргею Навумчыку, спадару Стэфану Эрыксану. Шкадаваў пра тое, што адбылося ў дачыненьні да яго. Пераважна жартаваў, а ў суботу ад яго быў званок: як заўсёды, быў бадзёры, вясёлы. Сказаў, што адчувае сябе нармальна, што атрымаў права на мэдычную бандэроль. Ён таксама вельмі турбуецца пра Яўгена Васьковіча, які ў той жа турме знаходзіцца. Тое, што там нешта адбываецца, нават Мікалаю, пры ягонай ізаляцыі, вядома. Таксама турбуецца пра Зьмітра Дашкевіча, просіць перадаць яму словы падтрымкі. Ну, і такая навіна, якая мне ня вельмі падабаецца: пацьвердзіліся чуткі, што начальніка турмы звольнілі і ад 1 верасьня ў іх новы начальнік. У нашых умовах гэта нават само па сабе трывожна».

Сваякі палітвязьня Эдуарда Лобава, Аляксандра Францкевіча, Сяргея Каваленкі і іншых ня маюць ніякіх навінаў ад зьняволеных. Не атрымлівае лістоў і Натальля Пінчук — жонка палітвязьня і праваабаронцы Алеся Бяляцкага — чым вельмі занепакоеная:

«Вельмі даўно ніякіх навінаў няма. Апошні ліст быў датаваны 25 жніўня. Гэта нязвыклая зьява, бо ён імкнуўся падтрымліваць перапіску, прынамсі раз-два на тыдзень лісты прысылаў. А тут... Ва ўсякім разе, малапрыемная зьява і малапрыемныя адчуваньні. Бо ён усё ж у турме, і любое маўчаньне ўжо пачынаеш тлумачыць чымсьці кепскім».

Як паведаміла Натальля Пінчук, гэтымі днямі разам з адвакатам яна будзе высьвятляць лёс Алеся Бяляцкага праз адміністрацыю Бабруйскай калёніі.
XS
SM
MD
LG