Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскай уладзе дазволілі старэць


Высокапастаўленым расейскім чыноўнікам ўжо ў бліжэйшы час могуць дазволіць працаваць да 70 гадоў. Такі законапраект унёс на разгляд Дзярждумы прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля.

«У мэтах захаваньня на цывільнай службе высокакваліфікаванага кіроўнага кадравага складу законапраектам прадугледжваецца, што фэдэральным дзяржаўным цывільным службоўцам, якія займаюць пасаду пасаду катэгорыі „кіраўнікі“... тэрмін службы можа быць падоўжаны па рашэньні прэзыдэнта РФ да дасягненьня ўзросту 70 гадоў», — патлумачылі ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Павышэньне гранiчнага ўзросту для дзяржаўных службоўцаў стане працягам «агульнай тэндэнцыі», якая раней ўжо закранула судзьдзяў, супрацоўнікаў пракуратуры і сьледчага камітэту, якім ўжо даўно дазволілі заставацца на службе да 70 гадоў, адзначылі ў Крамлі. Цяпер чыноўнікі павінны выходзіць на пэнсію ў 60 гадоў. Працягваць працу дзяржслужбоўцам можна толькі да 65 гадоў.

Аднак, ёсьць і выключэньні. Напрыклад, Грыгоры Рапота, паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта РФ ў Прыволскай фэдэральнай акрузе пакінуў сваю пасаду ў лістападзе мінулага году ва ўзросьце 68 гадоў, атрымаўшы пасаду дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. А кіраўніку Фэдэральнай служба аховы Яўгену Мурову ў лістападзе мінулага году споўнілася 66 гадоў.

Самому Пуціну ў кастрычніку споўніцца 60 гадоў. Аднак, яго закон аб выхадзе на пэнсію ня тычыцца, паколькі Канстытуцыя РФ ніяк не рэглямэнтуе максымальны ўзрост для прэзыдэнта. Пуцін, прыйшоўшы ў Крэмль у траўні сёлета, ўжо дамогся адмены гранiчнага ўзросту для кіраўніка Вярхоўнага суду і яго намесьнікаў, а таксама дазволіў пераабірацца губэрнатарам Белгародзкай вобласьці Яўгену Саўчанку і Разанскай вобласьці Алегу Кавалёву, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту.

Паводле зьвестак выданьня «Заўтра тваёй краіны», беларускі ўрад на 60% складаецца з чыноўнікаў, узрост якіх вышэй за 60 гадоў.

Выданьне спасылаецца на дасьледаваньні Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, паводле якіх, сярод ўрадоўцаў толькі 43% — ва ўзросьце ад 48 да 55 гадоў.

Што да сытуацыі па ўсім апараце кіраваньня, то, паводле зьвестак таго ж выданьня, большасьць супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіраваньня (54%) — старэйшыя за 40, прычым 2,4% — старэйшыя за 60 гадоў.

Сярод вышэйшых органаў заканадаўчай і выканаўчай улады моладзі (да 30 гадоў) усяго 10%. У гэтых жа органах і самы высокі адсотак тых, каму за 60 — 7,2%.

Самымі «маладымі» зьяўляюцца органы нагляду і кантролю — тут 23% тых, каму менш за 30 гадоў, і яшчэ 36% тых, каму няма 40.
XS
SM
MD
LG