Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварыў Затулін з Лукашэнкам


Канстанцін Затулін
Канстанцін Затулін

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 3 верасьня сустрэўся з расейскім палітычным дзеячам, дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі першага, чацьвёртага, пятага скліканьняў, дырэктарам Інстытуту краін СНД, сябрам Рады па зьнешняй і абароннай палітыцы Канстанцінам Затуліным.

Падрабязнасьці сустрэчы ў афіцыйных паведамленьнях не раскрываюцца.

У размове з карэспандэнтам «Свабоды» Канстанцін Затулін распавёў, што гэтая сустрэча адбылася па ягонай просьбе. І гэта было зьвязана з жаданьнем пачуць зь першых вуснаў пазыцыю ў пытаньнях разьвіцьця саюзнай дзяржавы і СНД, далейшай інтэграцыі. Паводле Затуліна, было пацьверджана, што цяпер удалы час для разгортваньня беларускай філіі Інстытуту СНД (такія філіі ёсьць ва Ўкраіне, Армэніі, Прыднястроўі).

Лукашэнка праз Затуліна перадаў прывітаньне Сяргею Глазьеву і Сяргею Бабурыну.

«Цяпер дачыненьні паміж Расеяй і Беларусьсю, гэта пацьвердзіў прэзыдэнт, знаходзяцца на пад’ёме. Ранейшы стыль, калі пэрыядычна ўзьнікалі збоі ў гэтых дачыненьнях, памяняўся на жаданьне цесна супрацоўнічаць. Я сустракаўся з нашым паслом Сурыкавым, і ён пацьвярджае, што танальнасьць СМІ, дзяржаўнага тэлебачаньня вельмі добразычлівая, няма сьлядоў тых уколаў, якія былі раней. І ў нас усё супакоілася. Застаецца зрабіць выснову, што гэта адбылося ў сувязі са зьменай сяброў тандэма. А калі прэзыдэнтам быў Мядзьведзеў, ён дазваляў сабе эмацыйныя выступы, і часта гэта прыводзіла да непатрэбнай пікіроўкі. Лукашэнка таксама прызнаў, што быў таксама са свайго боку залішне эмацыйным», — распавёў пасьля сустрэчы Затулін.

Канстанцін Затулін прызнаўся, што не закранаў у гутарцы з Лукашэнкам сытуацыю з правамі чалавека і палітвязьнямі ў Беларусі:

«Я не лічу этычным для сябе выступаць у ролі мэнтара ці настаўніка прэзыдэнта РБ. Безумоўна, ёсьць пытаньні, якія не зьяўляюцца чыста ўнутранымі. Гэта зьвязана з правамі чалавека. Гэта ва ўсім сьвеце манітораць, нягледзячы на межы».

Затулін сказаў, што падчас размовы закраналася пытаньне аб прызнаньні афіцыйным Менскам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

«Ён патлумачыў, што гатовы быў ісьці на прызнаньне, калі б дзейны тады прэзыдэнт Расеі праявіў разуменьне ў пытаньні наступстваў для Беларусі такога кроку. Бо тое, што дазволена Юпітэру, не дазволена быку. І Захад у гэтым выпадку быў гатовы жорстка адрэагаваць, заблякаваўшы валютныя рахункі і, па інфармацыі, якую меў Лукашэнка, заблякаваўшы ўсялякую фактычную магчымасьць фінансаваньня зьнешняга гандлю ЭЗ непасрэдна зь Беларусьсю. Тады да канца дамоўленасьці не былі дасягнутыя. У выніку праца, якая пачалася па абмеркаваньні прызнаньня, была ў далейшым згорнутая. Лукашэнка распавёў, што падчас сваёй сустрэчы з былым прэзыдэнтам Абхазіі Багапшам той выказаў разуменьне гэтай пазыцыі і сказаў, што ён не настойвае, каб Беларусь прызнавала Рэспубліку Абхазію. Непасрэднай неабходнасьці вяртацца да гэтага пытаньня цяпер няма», — сказаў Затулін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG