Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца АБСЭ заступілася за мадэратараў інтэрнэт-суполак


Дунья Міятавіч

Дунья Міятавіч

Затрыманьні ў Беларусі адміністратараў інтэрнэт-суполак у сацыяльных сетках — «прыгнёт онлайн-іншадумства», заявіла прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч.

Міятавіч выказала «глыбокую занепакоенасьць» затрыманьнямі адміністратараў суполак.

«Я неаднаразова заклікала беларускія ўлады спыніць перасьлед журналістаў і блогераў», — заявіла Міятавіч. — «На жаль, апошнія затрыманьні ў Менску і іншых месцах паказваюць, што працягваюцца спробы заглушыць галасы нязгодных і спыніць свабоду самавыяўленьня».

«Гэтыя затрыманьні — удар па свабодзе выказваньня, яны парушаюць абавязкі ў межах АБСЭ, якія Беларусь павінна выконваць», — цытуе БелаПАН прадстаўніцу АБСЭ.

Затрыманьні мадэратараў інтэрнэт-суполак адбыліся 30 жніўня. У Менску былі затрыманыя Андрэй Ткачоў, Павал Яўціхіеў і Раман Пратасевіч. У іхных кватэрах прайшлі ператрусы, кампутары сканфіскавалі. Затрыманьні і ператрусы рабілі людзі ў цывільным, якія не прадстаўляліся. Родныя затрыманых упэўненыя, што гэта былі супрацоўнікі КДБ.

Ткачова асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту, Еўціхіева — на пяць. Непаўналетняга Пратасевіча адпусьцілі пасьля чатырохгадзіннага допыту, пагроз і зьбіцьця.

У Віцебску ў той жа дзень быў затрыманы мадэратар інтэрнэт-суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» Алег Шрамук, якога таксама адпусьцілі пасьля допыту.

Сяргею Бяспалаву ўдалося пазьбегнуць затрыманьня. Ён уцёк праз вакно, калі супрацоўнікі спэцслужбаў ужо ўвайшлі ў кватэру. Зараз малады чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Расеі.
XS
SM
MD
LG