Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатары лекуюцца за мяжой


Пра гэта на старонках San Francisco Cronicle піша ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі Джоэл Брынклі.

Мэлес Зенаўі, дыктатар Этыёпіі, памёр у мінулым месяцы ў шпіталі Бруселю. Чаму ён ня мог атрымаць мэдычную дапамогу дома? Паглядзіце на стан здароўя этыёпскага народу, і вы зразумееце.

Дзяржаўная праграма вакцынацыі ахоплівае толькі 5% дзяцей. Яшчэ менш дзяцей атрымліваюць антыбіётыкі, калі хварэюць на пнэўманію. Толькі 20% дзяўчынак-падлеткаў ведаюць пра небясьпеку СНІДу. І ці варта зьдзіўляцца, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў Этыёпіі адна з самых нізкіх у сьвеце — 56 гадоў?

Мэлес Зенаўі
Мэлес Зенаўі
Адзінаццаць гадоў таму 53 афрыканскіх краін абавязаліся выдаткоўваць прынамсі 15% свайго нацыянальнага бюджэту на ахову здароўя. Амаль ніводная краіна гэтага ня выканала. Напрыклад, выдаткі Этыёпіі на ахову здароўя складаюць 4% бюджэту. Так што ніхто не зьдзівіўся, калі прэзыдэнт паехаў лячыцца за мяжу.

На самой справе, гэта звычайная практыка для ўсіх краін разьвіцьця — калі прэзыдэнт альбо манарх захварэе, ён едзе лячыцца ў разьвітыя краіны. Таму яны маюць такі бестурботны выгляд. Магчыма, калі б яны былі абавязаныя лячыцца ва ўласных шпіталях, яны былі б больш схільныя да іх паляпшэньня.

Многія зь іх ня могуць паехаць лячыцца за мяжу адкрыта, як гэта зрабіў Зенаўі, і таму ідуць на розныя хітрыкі.

Ня так даўно, Асіф Алі Зардары, прэзыдэнт Пакістану, хацеў паехаць за мяжу лячыць нейкую, гледзячы па ўсім, ня надта небясьпечную хваробу.

Але перад гэтым ён зьвярнуўся да лекараў шпіталя ў Карачы, каб тыя паставілі яму больш цяжкі дыягназ. І атрымаў яго — рак прастаты. Доктар Гайюр Аюб, былы генэральны дырэктар нацыянальнай службы аховы здароўя, прааналізаваў вынікі лябараторных дасьледаваньняў стану здароўя прэзыдэнта і ў сваім блогу абвясьціў дыягназ «сьмешным».

Асіф Алі Зардары
Асіф Алі Зардары
У мінулым годзе Зардары правёў некаторы час у Дубаі. Прэсавая служба прэзыдэнта паведаміла, што ён паехаў наведаць дзяцей. Але гэта аказалася хлусьнёй, высьветлілася, што ён наведваў шпіталь. Пасьля прэзыдэнт паведаміў раздражнёнай пакістанскай прэсе, што лячыўся ў Дубаі ад розных хваробаў — ад праблемаў з сэрцам да алергіі.

Найбольш вядомы мэдычны часопіс Пакістану, пісаў, што паездка Зардары прадэманстравала «адсутнасьць у яго даверу да пакістанскіх мэдыкаў».

Калі вэнэсуэльскі лідэр Уга Чавес заступіў на пасаду прэзыдэнта ў 1999 годзе, ён выхваляўся, што будзе няспынна апекавацца паляпшэньнем мэдычнага абслугоўваньня для свайго народу. Але калі ён захварэў на рак, ён паляцеў на Кубу і двойчы праходзіў там курс лячэньня.

У Вэнэсуэле ходзяць чуткі, што рак у Чавэса — у апошняй стадыі, хоць ён сам і адмаўляе гэта. Ён хлусіць? Вы самі вырашайце. Чавес нечакана вырашыў пабудаваць маўзалей Сымона Балівара, вялікага дзеяча Вэнэсуэлы і ўсёй Лацінскай Амэрыкі. Вэнэсуэльскі друк адзначае, што ў маўзалеі ёсьць месца па меншай меры для яшчэ адной труны.

Кун Сен (справа)
Кун Сен (справа)
Хун Сен, прэм’ер-міністар Камбоджы, мае захворваньне сьпіны, але кажа, што паедзе лячыцца за мяжу толькі тады, калі айчынныя лекары скажуць, што ня змогуць справіцца зь яго хваробай. Але ён забыў прыгадаць, што два гады таму ён быў у Токіё, дзе, як паведамлялі ўрадавыя крыніцы, праходзіў мэдычную праверку. Камбаджыйскія лекары ня здольныя нават на гэта? Хун Сен, як і некаторыя іншыя лідэры, папраўляюць здароўе за мяжой, калі стан сыстэмы аховы здароўя ў іх на радзіме прыкладна такі ж, як і ў Этыёпіі.

Але і ў Саудаўскай Арабіі, краіне надзвычай багатай, адзін зь яе кіраўнікоў, прынц Наіф, паведаміў летась, што праходзіў курс лячэньня ў Кліўлендзе, ў ЗША. Ён памёр сёлета ў чэрвені ў жэнэўскім шпіталі.

Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт Казахстану паведаміў, што праходзіў мэдычнае абсьледаваньне ў Нямеччыне. Аднак у прэсавым рэлізе з гэтай нагоды кіраўнік Казахстану параіў сваім суайчыньнікам праходзіць агляды на радзіме. Паводле нямецкай газэты, Назарбаеў у Нямеччыне лячыўся ад рака прастаты.

Увесну гэтага году паўднёваафрыканская газэта паведаміла, што кіраўнікі афрыканскіх дзяржаваў Малаві, Габону, Тога, Нігерыі і Танзаніі ўсе памерлі ў замежных шпіталях.

У амэрыканскім шпіталі памёр і прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў, бацька цяперашняга кіраўніка Азэрбайджану.

Пра тое, ці карыстаецца паслугамі замежных лекараў Аляксандар Лукашэнка, пэўнай інфармацыі няма. Выданьне Euobserver.com са спасылкай на высокапастаўленага дыплямата паведамляла, што ў лютым 2010 году Лукашэнка наведаў шпіталь у Швэйцарыі, дзе яму нібыта рабілі апэрацыю на прастаце. Прыгадваецца яшчэ выпадак на самым пачатку яго прэзыдэнцтва, ў лістападзе 1994, калі ён прыехаў з Сочы, і было афіцыйна абвешчана, што ён там лячыўся ад радыкуліту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG