Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны кандыдат выступіў па тэлебачаньні экспромтам


Анатоль Хамец

Анатоль Хамец

Кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Жыткавіцкай выбарчай акрузе № 39 Анатоль Хамец стаў першым у рэгіёне апазыцыйным вылучэнцам, каму 3 верасьня быў дадзены тэлеэфір на канале «Беларусь-2» для перадвыбарчага выступу. Іншых прадстаўнікоў АГП толькі запісвалі ў студыі тэлерадыёкампаніі «Гомель», але ў эфір не пускалі.

Хамец: «Я прыехаў на тэлебачаньне зь Петрыкава. Мне ў студыі паказалі паперу, паводле якой мне забаранялася як кандыдату нешта казаць супраць улады, заклікаць да байкоту выбараў — і ўсё такое. Пра што мне было расказваць? Я сказаў, што абясцэнілася праца сельскіх жыхароў, вёскі выміраюць. У гады застою на вырашчаную бульбу, сабраныя й здадзеныя нарыхтоўшчыкам жалуды, ягады, грыбы я мог купіць легкавік. А цяпер што — здавай усё за бясцэнак. Нават у мінулым годзе за кіляграм чарніц я мог купіць кілё каўбасы, а сёлета нават бутэлька квасу не выходзіць».

Кандыдат кажа, што папярэджаньнямі перад запісамі яго проста напалохалі, і ён вымушаны быў адмовіцца ад падрыхтаванага загадзя 5-хвіліннага выступу: «Я трохі спужаўся — таго нельга, пра гэта не кажы. Нашых партыйных кандыдатаў у эфір не прапусьці, і мяне, думаю, не прапусьцяць, калі скажу што-небудзь супраць. Можа, нават і з Гомеля ня выеду. А што? Вунь як зьбілі перад выбарамі кандыдата ў прэзыдэнты — я ж гэта бачыў па расейскіх каналах».

Анатоль Хамец, тым ня менш, кажа, што часта езьдзіць па вёсках і чуе, як вяскоўцы кажуць: выбараў няма. Людзі нібыта маладасьведчаныя, але лічаць выбары менавіта камэдыяй, дарэмнай тратай грошай — прызначалі б ужо адкрыта дэпутатаў і ня трэба было б выдаткоўваць сродкі на так званыя выбары.

У эфіры спадар Хамец толькі й сказаў, што выбары лічыць недэмакратычнымі, а вылучаныя з Гомелю ў Жыткавіцкай акрузе № 39 іншыя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат наўрад ці будуць адстойваць інтарэсы жыткавіціх ды петрыкаўскіх жыхароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG