Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякач-вайсковец баіцца за жыцьцё, калі яго выдадуць Беларусі


Былы вайсковы выведнік Сьцяпан Захарчанка, які ўцёк у Літву год таму, апасаецца за сваё жыцьцё ў выпадку выдачы яго беларускім уладам.

Карэспандэнт «Свабоды» размаўляў з уцекачом праз тэлефон.

Сьцяпан Захарчанка адказвае на званкі ў Літву, але не называе дакладнага месца, дзе знаходзіцца, і ня кажа, гэта лягер уцекачоў ці нешта іншае. Пра прычыны дэзэртырства ў краіну NATO вайсковы выведнік у званьні сяржанта кажа гэтак: была пагроза жыцьцю з-за адмовы падпісаць абавязацельства страляць ў людзей у выпадку масавых забурэньняў. Нібыта гэта адбывалася год таму летам, калі ў Менску пачаліся маўклівыя акцыі пратэсту. Далей ідзе гісторыя, якой можна паверыць, ведаючы беларускія рэаліі, але праверыць якую пакуль не ўдалося, бо прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі словы Захарчанкі не камэнтуе. Вось што паведаміў Сьцяпан Захарчанка пра падзеі мінулага лета, якія, паводле яго, падштурхнулі да дэзэртырства з войска і уцёкаў празь мяжу.

«Аднойчы зьбіраюць сяржанскі склад — прозьвішчы называць зараз ня буду — мяне і яшчэ некаторых сяржантаў. І нам на подпіс раздаецца папера, як кажуць, добраахвотна-прымусова, што калі часткі ўнутраных войскаў ня будуць спраўляцца, то мы мусім адкрыць агонь, каб захаваць сувэрэнітэт Беларусі. Дакладную фармулёўку я ня памятаю. Я адмовіўся, прычым ня я адзін. І тады да мяне ўжылі сілу. У выніку ў мяне здарылася дысфункцыя мочапалавой сыстэмы і я трапіў у вайсковы шпіталь. Але там мне сказалі, што я цалкам здаровы. Хаця мне цяжка было хадзіць у прыбіральню. А афіцэр, які ўзяў нада мной „шэфства“, калі я выйшаў са шпіталя, сказаў мне, што на дэмбель я пайду інвалідам. А як у войску ўсё сьпісваюць на тэхніку бясьпекі, мне вядома. Пры мне ў 120 брыгадзе дзьве сьмерці сьпісалі.Таму гэта былі рэальныя пагрозы. Калі што, я нават да суду не дажыву — вы ж добра ведаеце беларускіх сілавікоў. Я лепш што-небудзь з сабой зраблю, бо калі і дойдзе да суду, зробяць паказальны суд».

Паводле Сьцяпана Захарчанкі, ня ён адзін адмовіўся падпісваць тую паперу, якую нібыта прапаноўвалі. Ён ведае прынамсі аднаго чалавека, які гэтаксама зьведаў ціск ды трапіў пасьля зьбіцьця ў шпіталь. Прозьвішча гэтага вайскоўца Сьцяпан не назваў.
І нам на подпіс раздаецца папера, што калі часткі ўнутраных войскаў ня будуць спраўляцца, то мы мусім адкрыць агонь

На пытаньне, калі ён апынуўся ў Літве, Сьцяпан Захарчанка спачатку назваў 27 ліпеня, потым удакладніў, што «ў канцы лета». Сьцяпан дамагаецца статусу ўцекача. Захарчанка патлумачыў, што пасьля доўгіх разьбіральніцтваў яму адмовілі ў палітычным прытулку, але ён зьвярнуўся ў Страсбурскі суд, і пакуль там будуць разьбірацца зь ягонай скаргай, ён спадзяецца заставацца ў Літве. Адначасова ў Літве ён спрабуе праз суд аспрэчыць адмову у атрыманьні прытулку. Але зрабіць гэта будзе складана, мяркуе былы беларускі вайсковец:

«Ня тое што яны мне ня вераць. Яны вераць, і доказы я ім даў. І мінабароны апублікавала зьвесткі, што я ляжаў у шпіталі з такога да такога дня. Але інспэктар, які вядзе маю справу… Яна… Па-першае, мне не далі перакладчыка. Яна ўсё пісала па-літоўску, і я ня ведаю, што яна там напісала. Я ж ня ведаў, як гэта робіцца. Гэта я потым, у працэсе даведаўся. Яе завуць Аста, але прозьвішча я ня ведаю. Яна інспэктар іміграцыйнай службы».

Сьцяпан Захарчанка асабліва падкрэсьлівае, што ўдзячны Літве за тое, што яго ўтрымліваюць тут ужо год. Пры гэтым ён мяркуе, што беларускія спэцслужбы выдатна кантралююць ягоную сытуацыю:

«Гэта пэўны ўплыў, пэўная супраца. Бо літаральна празь некалькі дзён, як я здаўся, у Беларусі ўжо пра гэта ведалі».

Сьцяпан Захарчанка кажа, што падставай для канфлікту з афіцэрамі сваёй часткі сталі «маўклівыя акцыі пратэсту».

Тыя акцыі пачаліся ў чэрвені 2011 году і найбольш актыўна праходзілі ў ліпені. Пасьля затрыманьняў і адміністрацыйных арыштаў дзясяткаў удзельнікаў, да пачатку жніўня акцыі сьцішыліся.

У 2011 годзе ў мэдыях Беларусі нічога не паведамлялася пра тое, што сілавікоў прымушаюць падпісваць абавязальніцтва ў крайнім выпадку выкарыстоўваць зброю супраць мірных людзей.

Падчас «маўклівых акцый» менская міліцыя паводзіла сябе з дэманстрантамі асабліва брутальна. Прыкладам, падчас акцыі 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы былі зьбітыя й затрыманыя дзясяткі людзей, у тым ліку журналісты, якіх зьбівалі, затрымлівалі і адбіралі ў іх апаратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG