Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бясплатнай адукацыі стане менш?


«Набіраць столькі студэнтаў, колькі нам неабходна» — пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы 1 верасьня на сьвяце Дня ведаў у БДУ.

Лукашэнка: «Дайце мне гэтыя дадзеныя, калі яны ёсьць. А так мы можам ператварыцца ў звычайную кузьню. Гэта грамадзяне Беларусі, гэта студэнты, якія атрымалі адукацыю. І для таго, каб зрабіць высновы — колькі нам трэба студэнтаў. Больш, менш — мы павінны бачыць карціну. Але без усялякіх нацяжак: няма працы — значыць, няма, ёсьць — значыць, ёсьць».

Чаму менавіта цяпер загаварылі пра скарачэньне набораў у ВНУ? Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што на гэта дзьве прычыны. З аднаго боку, дэмаграфічная — студэнтаў проста робіцца менш. Гэта, безумоўна, уплывае на якасьць адукацыі, бо зьніжаюцца патрабаваньні да студэнтаў. З другога боку — Беларусь ня мае пэрспэктываў далучыцца да Балёнскага працэсу, а значыць, страчвае магчымасьць запрашаць у свае ВНУ грамадзянаў іншых краін.

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Гэтыя месцы імкнуліся запоўніць іншаземнымі студэнтамі з Туркмэністану, Казахстану, Кітаю і іншых краінаў, — кажа Ўладзімер Мацкевіч. — На іх разьлічвалі, што яны прынясуць грошы. Бо за кожнага замежнага студэнта плацяць болей, чым за беларускага. Менавіта дзеля гэтага беларускі ўрад хацеў далучыцца да Балёнскага працэсу. Але паколькі ў Беларусі няма акадэмічнай свабоды, то краіны Балёнскага працэсу нават не разглядалі заяву Беларусі гэтым разам. А гэта значыць, што туркмэны, кітайцы, казахі не паедуць вучыцца ў Беларусь, бо беларускія дыплёмы не прызнаюцца ў Эўропе і ва ўсім астатнім сьвеце».

На думку Мацкевіча, выказваньне Лукашэнкі прыкрывае ягоную паразу:

«Дык што застаецца гаварыць нашаму Лукашэнку, які заўсёды ўсё пераварочвае і свае паразы імкнецца выдаць за плянавую працу? Ідзе натуральнае скарачэньне студэнтаў, а ён абвяшчае, што трэба скарачаць, каб прадэманстраваць свой удзел», — кажа Ўладзімер Мацкевіч.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі зашмат спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй, а рабочых не хапае. Нібыта за наступны год чыноўнікі на загад прэзыдэнта мусяць вызначыць, колькі і якіх спэцыялістаў рыхтаваць.

Дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас падкрэсьлівае, што амаль усе выпускнікі іхнай установы арыентаваныя на паступленьне ў ВНУ. І большасьць зь іх якраз атрымлівае вышэйшую адукацыю.

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

«Паколькі ў нас навучаньне яшчэ з савецкіх часоў бясплатнае, а грамадзяне ня могуць сабе дазволіць аплочваць навучаньне і такім чынам выбіраць на рынку гэтыя прапановы ад факультэтаў, унівэрсытэтаў і так далей — як гэта ва ўсім сьвеце ёсьць, — то зараз мы сутыкнуліся з такой праблемай, што сапраўды гэта смокча вялікія грошы і не дае ніякіх вынікаў. Усе ідуць на юрыстаў, эканамістаў. Столькі нам іх ня трэба. І, атрымаўшы гэтую прафэсію, пачынаюць займацца абы-чым, зарабляючы грошы. Гэта марнаваньне сродкаў. Сапраўднага рынку ў галіне адукацыі ў нас няма. Таму і адбываюцца вось такія валявыя рашэньні, якія проста даводзяцца да грамадзтва ў выглядзе ісьцін».

Тым часам статыстыка адзначае, што, агулам беручы, жаданьне людзей атрымліваць адукацыю расьце. Калі параўноўваць, то ў 1989 годзе каля 11 працэнтаў беларусаў мелі вышэйшую адукацыю, а ў 2009 іх стала 19%. Прыблізна гэтак жа павялічвалася колькасьць тых, хто мае адукацыю сярэднюю прафэсійную: ад 17% у 1989 годзе — да 27% у 2009-м.

Палітоляг Мацкевіч мяркуе: няма нічога кепскага ў тым, што шмат людзей імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю. Больш за тое, гэта ўсясьветная тэндэнцыя, і Беларусь тут не выключэньне. «Унівэрсытэцкая адукацыя дае толькі адукацыйны ўзровень, а не спэцыяльнасьць і прафэсію», — кажа Мацкевіч. — «Набыцьцё прафэсіі — гэта асобны працэс. У Эўропе, дзе даўно пра гэта дбаюць, гэтыя працэсы разьведзеныя. Адзін — Балёнскі працэс — гэта даступнасьць вышэйшай адукацыі для ўсіх эўрапейцаў і жыхароў тых краін, якія далучыліся да Балёнскага працэсу. Іншая справа — прафэсійная падрыхтоўка і набыцьцё кваліфікацыі. Гэта Капэнгагенскі працэс. Там дзейнічаюць іншыя ўмовы, чыньнікі. Там шмат чаго яшчэ не ўпарадкавана, бо тэхналягічны ўклад сучаснага сьвету значна зьмяніўся. Але па ўсім сьвеце пра гэта дбаюць, а ў нас — заняпад».

Выкладчык БНТУ Аляксей Братачкін лічыць, што скарачаць будуць найперш тыя спэцыяльнасьці, якія дзяржава лічыць «лішнімі»:

«У мяне кепскія прадчуваньні. Думаю, што, найхутчэй, пакінуць эканамічныя спэцыяльнасьці. Будуць прыводзіць сьпіс намэнклятурных спэцыяльнасьцяў у адпаведнасьць з патрэбамі краіны. Як у клясычную савецкую эпоху. Я так разумею, што скароцяць юрыдычныя, эканамічныя спэцыяльнасьці. І гуманітарныя пацярпяць, бо ўжо рэзка скарацілі гадзіны на гуманітарныя прадметы».

Яшчэ адна пагроза для вышэйшай адукацыі ў сувязі з заявай Лукашэнкі: будуць скарачаць набор на бюджэтныя месцы. Напрыклад, у БДУ ўжо цяпер толькі 40% студэнтаў навучаюцца бясплатна.

На думку Аляксея Братачкіна, варта згадаць, як у 90-я дзяржава ўсіх пераконвала, што недзяржаўныя камэрцыйныя ВНУ даюць кепскую адукацыю (гэта было часткова праўдай, заўважае Братачкін). І пачала пашыраць платны набор у дзяржаўныя ўстановы. Але праблема засталася: «Фінансаваньне, якое атрымліваюць дзяржаўныя ВНУ, яўна недастатковае. І дзяржаўныя ВНУ трапляюць у „пастку“: студэнтаў трэба скарачаць, а фінансаваньне дзяржаўнае не павялічваецца. Таму для ВНУ гэта таксама будзе праблемай: каго скарачаць найперш».

Уладзімер Мацкевіч кажа, што ў Беларусі сёньня вельмі няроўныя ўмовы атрыманьня адукацыі: хтосьці за яе плаціць, а хтосьці атрымлівае бясплатна.

«Гэта дазваляе шмат якім чыноўнікам проста грэць на гэтым рукі. Карупцыя разьядае сыстэму і ЦТ, і прыёму і разьмеркаваньня бясплатных і платных месцаў. Усё гэта працуе паводле карупцыйных схемаў. Калі ўсё ж набор студэнтаў будуць скарачаць, то тыя ВНУ, у якіх няма сувязяў зь „дзяржаўнымі грашыма“, будуць браць болей платнікаў. А тыя, да каго дзяржаўныя грошы паступаюць у большым аб’ёме, будуць зацікаўленыя ў тым, каб захаваць бюджэтныя месцы. Гэтыя карумпаваныя схемы — свае ў кожнай установе. Таму іх вельмі цяжка выкрываць і аналізаваць», — кажа Мацкевіч.


Як разьмяркоўваецца насельніцтва Беларусі паводле ўзроўню адукацыі (перапіс 2009) (Табліца Інстытуту дэмаграфіі Вышэйшай школы эканомікі)
Усяго, тыс. чал У тым ліку На 1000 чалавек
мужчыны жанчыны Усё насельніцтва мужчыны жанчыны
Насельніцтва ва ўзросьце ад 10 гадоў і старэйшыя 8568,8 3939,7 4629,2 1000 1000 1000
Зь яго з узроўнем адукацыі:
вышэйшым 1530,6 652,2 878,4 179 166 190
сярэднім спэцыяльным 2190,4 912,2 1278,2 256 232 276
прафэсійна-тэхнічным 898,1 525,7 372,4 105 133 80
агульна-сярэднім 1914,1 956,2 957,9 223 243 207
агульным базавым 789,7 387,2 402,5 92 98 87
агульным пачатковым 954,1 385,3 568,8 111 98 123
XS
SM
MD
LG