Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камітэт ААН выказаўся за вяртаньне кампутараў Віктару Карняенку


Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

У Гомель прыйшло рашэньне камітэту ААН па правах чалавека ад 27 ліпеня гэтага году, паводле якога беларуская дзяржава павінна вярнуць Віктару Карняенку як кіраўніку грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» канфіскаваныя КДБ 6 кампутараў і 2 прынтэры.

Аргтэхніку супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ адабралі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Будучы ў той час старшынём «Грамадзянскіх ініцыятываў», спадар Карняенка арганізаваў у рэгіёне незалежнае назіраньне, падрыхтаваўшы дзеля гэтага каля 300 назіральнікаў.

Мясцовая ўправа КДБ у межах распачатай крымінальнай справы пра нанясеньне надпісаў на гарадзкіх мурах канфіскавала ў абласнога грамадзкага аб’яднаньня ўсе кампутары. І паколькі яны былі атрыманыя ад замежных фундатараў, то на дадатак абвінаваціла Карняенку ў нямэтавым выкарыстаньні замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Грамадзкага актывіста аштрафавалі на суму, эквівалентную 615 далярам ЗША. Неўзабаве праз суд закрылі й аб’яднаньне «Грамадзянскія ініцыятывы».

Віктар Карняенка прайшоў у Беларусі ўсе судовыя інстанцыі, уключна зь Вярхоўным судом, але справядлівасьці не дамогся. Пасьля гэтага ён мусіў зьвярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

У сваім паведамленьні Камітэт ААН канстатуе: «Выкарыстаньне кампутарнага абсталяваньня само па сабе не ўяўляе ніякай пагрозы, таму менавіта на дзяржаве ляжаў абавязак давесьці, дзеля якіх мэтаў зьдзейсьнена іх канфіскацыя. А паколькі абсталяваньне належала грамадзкаму аб’яднаньню, дадзены выпадак сьведчыць пра парушэньне артыкула 22 Міжнароднага пакту пра грамадзянскія й палітычныя правы (права на асацыяцыю). Камітэт таксама лічыць, што дзейнасьць, за якую аўтар быў прыцягнуты да адказнасьці, падпадае пад сфэру дзеяньня артыкула 19 пакту, які гарантуе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду ідэі й інфармацыю (назіраньне за выбарамі)».

Акрамя таго, у згаданай справе Камітэт угледзеў парушэньне права аўтара на ўдзел у дзяржаўных справах, бо назіраньне за выбарамі — адна з формаў самаарганізацыі грамадзянаў для ўдзелу ў дзяржаўных справах.

Кампэтэнтная міжнародная структура лічыць, што беларуская дзяржава «абавязаная забясьпечыць Віктару Карняенку эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з кампэнсацыяй бягучай велічыні штрафу (615 даляраў ЗША) і любых юрыдычных выдаткаў, якія панёс аўтар, вярнуць канфіскаванае кампутарнае абсталяваньне альбо аплаціць яго бягучы кошт, а таксама прадугледзець іншыя кампэнсацыі і зрабіць захады дзеля прадухіленьня такіх парушэньняў у будучыні».

Беларусь абавязаная таксама прывесьці спрэчныя палажэньні прэзыдэнцкага Дэкрэту № 8 пра замежную бязвыплатную дапамогу ў адпаведнасьць з артыкуламі 19, 22 і 25 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Раней камітэт ААН па правах чалавека прызнаў незаконнай ліквідацыю праз суд грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы».
XS
SM
MD
LG