Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паплечнікі Алега Бябеніна: гэта было палітычнае забойства


Алег Бябенін

Алег Бябенін

3 верасьня 2010 году заснавальніка сайту "Хартыя-97" журналіста Алега Бябеніна знайшлі павешаным на ягоным лецішчы ля Менску. Пракуратура лічыць, што гэта было самагубства. Паплечнікі Бябеніна гавораць пра палітычнае забойства. Актывісты групы "Акцыя 16" расклеілі на вуліцах у менскім мікрараёне "Усход" плякаты "Алег Бябенін. Мы памятаем".

Пракуратура Менскай вобласьці, якая правярала акалічнасьці сьмерці Алега Бябеніна, прыйшла да высновы, што прычынай сьмерці стала самагубства. Пасьля патрабаваньняў грамадзкасьці правесьці незалежнае расьсьледаваньне беларускія ўлады дазволілі двум судова-мэдычным экспэртам АБСЭ праверыць і ацаніць матэрыялы расьсьледаваньня, праведзенага беларускім бокам. Аднак улады не дазволілі ім правесьці асобнае, дадатковае расьсьледаваньне. Зыходзячы з прадстаўленых уладамі матэрыялаў, экспэрты АБСЭ сьцьвердзілі, што прычынай сьмерці Бябеніна стала самагубства праз павешаньне.

Паплечнікі Алега адзначаюць, што ён быў адным з кіраўнікоў штабу Андрэя Саньнікава і загінуў за тыдзень да абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў. Рэдактар сайту "Хартыя-97" Натальля Радзіна, якая цяпер жыве за межамі Беларусі, сказала, што і праз два гады яна перакананая – Алега забілі:

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

"Ён не пакінуў ніякага ліста, на яго целе былі сьляды гвалту. Справу Алега Бябеніна можна будзе належным чынам расьсьледаваць толькі пасьля адыходу ад улады Аляксандра Лукашэнкі. Бо гэта такая ж справа, як і справа Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юр'я Захаранкі, Веранікі Чаркасавай. Я перакананая, што гэта было палітычнае забойства напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Раней ці пазьней мы даведаемся, хто гэта зрабіў і зь якой прычыны".

У інтэрвію сайту charter97 экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Андрэй Саньнікаў сказаў, што ў сьледчым ізалятары КДБ з намёкаў супрацоўнікаў камітэту ён зразумеў: афіцыйная вэрсія сьмерці Бябеніна "ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю". Паводле Зьмітра Бародкі, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, гэтыя сьведчаньні Саньнікава – новы доказ таго, што гэта было не самагубства:

"Усё больш пераконваесься ў тым, што гэта не было самазабойства, што гэта справа спэцслужбаў. Гэта была ключавая фігура ў штабе Андрэя Саньнікава, мы тады рыхтаваліся да выбараў. Гэта быў акт застрашваньня".

Каардынатар кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Аляксандар Атрошчанкаў таксама мяркуе, што Алега Бябеніна забілі:

Аляксандар Атрошчанкаў

Аляксандар Атрошчанкаў

"Я быў адным з апошніх, хто бачыў Алега жывым. Ён абсалютна не зьбіраўся рабіць самагубства і быў у абсалютна нармальным працоўным стане, абсалютна бадзёры і напоўнены плянамі на жыцьцё і на працу. Таму для нас абсалютна дакладна зразумела, што гэта было забойства. Прычына гэтага была ў тым, каб разбурыць нашу каманду і запалохаць журналістаў і актывістаў. Гэта страта ня толькі для нашай каманды і для сям'і Алега Бябеніна, але і для ўсіх нас, гэта страта для Беларусі".

У Алега Бябеніна засталіся двое сыноў ад двух шлюбаў, старэйшаму больш за 15 гадоў, а малодшы сёлета пайшоў у першую клясу, распавяла Натальля Радзіна:

"Вы павінны разумець, у якім становішчы знаходзілася і зараз знаходзіцца сям'я. Таму я проста раю не турбаваць сям'ю. Я ведаю, што гэта наша справа – дамагацца праўды аб сьмерці нашага калегі Алега Бябеніна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG