Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы экспэрт: Дзедаўшчына пачынае квітнець падчас прызыву


На мінулым тыдні ў беларускай арміі загінулі два салдаты тэрміновай службы. Аднаго, як вынікае з распачатай крымінальнай справы, давялі да самагубства таварышы па службе, другі атрымаў несумяшчальныя з жыцьцём раненьні падчас вучэньняў. Падобныя выпадкі фіксуюцца ў Беларусі пэрыядычна. Чаму ў мірнай Беларусі гінуць маладыя людзі?

Супольная камісія Міністэрства абароны і Ваеннай пракуратуры расьсьледуе акалічнасьці надзвычайных здарэньняў у вайсковых частках, дысьлякаваных на Берасьцейшчыне і Віцебшчыне. Паведамляецца, што ў выніку неасьцярожнага абыходжаньня са зброяй на палігоне пад Берасьцем атрымаў сьмяротныя раненьні ваеннаслужачы сілаў спэцыяльных апэрацыяў. У Міністэрстве абароны толькі ўдакладнілі, што салдат прызываўся зь вёскі на Гомельшчыне і неўзабаве бацькі атрымаюць труну зь целам сына.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці распачало крымінальную справу аб давядзеньні да самагубства шарагоўца вайсковай часткі 103-й мабільнай брыгады ў Віцебскай вобласьці — раней тут кватаравалі элітныя паветрана-дэсантныя войскі. Малады чалавек 1990 году нараджэньня праслужыў толькі чатыры месяцы і, як відаць, стаў ахвярай нестатутных адносінаў, інакш кажучы — дзедаўшчыны.

У Рэспубліканскім камітэце бацькоў, якія страцілі сваіх дзяцей у беларускім войску — каардынаты гэтага камітэту пазначаныя і на сайце Міністэрства абароны — на спробы пацікавіцца, ці зьвярталіся да іх родныя загінулых па дапамогу, адказалі наступным чынам:

«Дык гэта вы апазыцыянэры? Тады едзьце туды і расьсьледуйце самі, чаго
Мы нэгатыўна ставімся да апазыцыі, разумееце? ...

вы ад нас хочаце? Мы нэгатыўна ставімся да апазыцыі, разумееце? Таму што яна нейкая вельмі задорыстая, апазыцыянэры з мухі разьдзімаюць слана. Едзьце ды сам там разьбярыцеся, калі вас туды, вядома, дапусьцяць. З апазыцыяй у нас размова кароткая...»

На заўвагу, што сьмерць чалавека наўрад ці падпадае пад нейкае неадэкватнае разьдзіманьне, на другім канцы адказалі, што без звароту з боку бацькоў камітэт ніякіх уласных расьсьледаваньняў не ініцыюе:

«Там, мабыць, ішло сваё расьсьледаваньне, Ваенная пракуратура працавала. Але да нас маці ці бацька кагосьці з загінулых не зьвярталіся па гэтым пытаньні. Мы туды едзем толькі тады, калі да нас ад бацькоў прыходзіць ліст — з подпісам, з указаньнем вайсковай часткі і г.д. Тады мы едзем разьбірацца. Але да нас, па-першае, ніхто не зьвяртаўся, па-другое, калі вы ведаеце нешта больш, то чаго да нас тэлефануеце? Пакуль ня будзе ў нас сыгналу, мы туды не паедзем, бо нічога ня ведаем. Бо трэба, каб у вайсковую частку дапусьцілі. Проста так ня пусьцяць туды боўтацца. А калі ў нас няма звароту, то нас туды таксама ніхто ня пусьціць».

Паводле афіцыйных зьвестак, у 1994 годзе колькасьць самагубстваў перавышала 40 выпадкаў на 100 тысяч ваеннаслужачых. За мінулыя паўтара дзясятка гадоў яна скарацілася ў 4 разы — праўда, за гэты час і колькасны склад вайскоўцаў зьменшыўся ўдвая. Прычым, запэўніваюць у Міністэрстве абароны, суіцыдальныя схільнасьці тлумачацца не дзедаўшчынай, а выключна хваравітым станам чалавека.

Між тым, як лічыць маёр у адстаўцы Ільля Копыл, які больш за 25 гадоў адслужыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня, нават адзінкавыя выпадкі нестатутных адносін паміж вайскоўцамі — гэта падстава для сур’ёзных размоваў пра працу камандзіраў:

Ільля Копыл

Ільля Копыл

«Калі падобнае дагэтуль здараецца, то, вядома ж, ні з чым ня скончана. Гэта як адбітак агульнай атмасфэры — і ў краіне, і ў грамадзтве, і ў арміі, бо ўсё ўзаемазьвязана. Калі я служыў, дзедаўшчына таксама была. Асабліва дзедаўшчына квітнее ў той час, калі пачынаецца новы прызыў. Асабіста я суткамі начаваў у казарме, каб нічога ня здарылася надзвычайнага. І іншым раю: у такі пэрыяд ня трэба шкадаваць свой час, трэба знаходзіцца ў казармах, працаваць зь людзьмі; працаваць і з тымі, каго толькі прызвалі, і з тымі, хто ўжо год і больш адслужыў. Адбываецца прызыў, зьбіраюцца людзі з усёй краіны, ніхто ня ведае, што ў душы ў кожнага салдата. Усё гэта ня так проста, гэта мэханізм вельмі складаны, тут шмат псыхалёгіі. У мой час псыхолягаў не было, былі нампаліты. Але нампаліты ў гэтым рэчышчы не працавалі. Наперадзе былі тыя камандзіры, якія працавалі непасрэдна зь людзьмі. А нампаліты, партыйныя арганізацыі — тыя ўжо толькі білі па хвастах, каб разабраць, пакараць, заслухаць і г.д.».

Вайсковыя экспэрты мяркуюць, што абсалютная бальшыня выпадкаў суіцыду ў арміі так ці інакш зьвязаная зь нестатутнымі адносінамі. На думку Ільлі Копыла, у маладога чалавека, які вырашыў пайсьці з жыцьця ўсяго празь некалькі месяцаў пасьля прызыву, ня можа быць невырашальных праблемаў — апроч беспрычыннага зьдзеку з боку таварышаў па службе, ад якіх яго ніхто не бароніць. Дарэчы, летась у такі ж час быў зафіксаваны выпадак суіцыду салдата першага пэрыяду службы. Але пракуратура і тады не знайшла падставаў лічыць, што да гэтага яго падштурхнулі нейкія вонкавыя фактары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG