Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 верасьня беларускаму пісьменьніку, крытыку, літаратуразнаўцу, грамадзкаму дзеячу, доктару філялёгіі, прафэсару, чальцу-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі навук, дырэктару Інстытуту кінамастацтва ў Маскве, Народнаму дэпутату СССР Алесю Адамовічу споўнілася б 85.

Ніякіх урачыстасьцяў у гэты дзень ня ладзіцца ні ў Менску, дзе ён жыў і працаваў, ні на Капыльшчыне ў вёсцы Канюхі, дзе нарадзіўся, ні ў мястэчку Глуша на Бабруйшчыне, дзе пахаваны.

Пятнаццацігадовым хлапчуком ён пайшоў у партызаны, а праз дваццаць гадоў напісаў пра гэта аўтабіяграфічныя аповесьці «Вайна пад стрэхамі» ды «Сыны ідуць у бой». Саракагадовым пасьпяховым акадэмічным навукоўцам ён зразумеў сілу кінэматографу ды спасьціг гэтае мастацтва ня толькі на ўзроўні ўласных сцэнараў для нашумелых потым стужак («Я з вогненнай вёскі», «Ідзі і глядзі», «Хатынская аповесьць» ды іншых), але стаў дырэктарам Інстытуту кінамастацтва ў Маскве. Шасьцідзесяцігадовым ён першы забіў трывогу пра бяду, якая спасьцігла беларусаў пасьля чарнобыльскай катастрофы. А празь сем гадоў памёр, адстойваючы дэмакратыю і свабоду на ўсіх даступных друкаваных старонках ды з самых розных трыбун.

Пасьля яго засталося 17 літаратуразнаўчых, публіцыстычных і мастацкіх кніг, пяць кінафільмаў ды безьліч артыкулаў, у якіх ён спрабаваў абудзіць гуманістычныя ідэалы і пачуцьці дабрыні.

Ці ўся творчая спадчына Алеся Адамовіча надрукаваная? Яе захавальніца — дачка Натальля сабрала і выдала ў 2006 годзе тэматычны том «Імя гэтай зорцы Чарнобыль», у які ўвайшоў аднайменны кінасцэнар. Цяпер яна хоча выдаць асобнымі кнігамі іншыя часопісныя публікацыі:

«Гэта аповесьць „Vixi“ —ужо ўсе яе ведаюць па часопісным варыянце. Пасьля фільму і спэктакля публіка зьвярнула ўвагу на аповесьць „Нямко“. Ну, а „Вэнэра, ці як я быў прыгоньнікам“ — яна амаль нікому не вядомая. Вось гэтыя аповесьці мне б хацелася даць кнігай. І яшчэ „Падарожжа зь Менску ў Маскву“ ды іншыя публіцыстычныя нататкі таксама хачу выдаць асобнай кнігай».

Згаданыя аповесьці выдаваліся дзесяць гадоў таму на грамадзкіх асновах, але мізэрны наклад зрабіў кнігу незаўважнай для чытача.

У архіве Алеся Адамовіча захоўваецца больш за сотню нататнікаў, у якіх між іншага засталася ў накідах і задума аповесьці «Краіна, якой не шкада». Гэта меўся быць твор пра краіну, якой не шкада дзеля экспэрымэнту. Здагадацца, як яна завецца, няцяжка. Гэтыя ды іншыя нязьдзейсьненыя творчыя мары ды таямніцы Алеся Адамовіча добра ведае дасьледчык ягонай спадчыны прафэсар Міхась Тычына. Якога, між іншым, сёньня ў апошні момант перадумалі запрашаць у эфір беларускага тэлебачаньня.

«Плянавалася, што на тэлебачаньні хвіліну ці дзьве выкажуся, а потым усё гэта чамусьці нічым скончылася».

Увогуле ніякіх пашанотных імпрэзаў з нагоды восемдзесят пятага дня народзінаў Алеся Адамовіча ня ладзіцца ні ў Менску, ні на ягонай радзіме, ні там, дзе ён рос, сталеў і дзе пахаваны. Праз васямнаццаць гадоў пасьля сьмерці пісьменьніка ня створаны ягоны музэй, не пастаўлены помнік, няма мэмарыяльных шыльдаў на дамах у Глушы і Менску, дзе ён жыў. Ёсьць толькі дзьве караценькія вулкі, якія носяць ягонае імя, — адна ў мястэчку Глуша, а другая ў менскім прадмесьці Калодзішчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG