Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі экспарт у краіны Эўразьвязу істотна зьнізіўся. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на Белстат.

Паводле Белстату, у ліпені экспарт беларускіх тавараў у ЭЗ склаў $ 1,4 млрд. супраць $ 1,9 млрд. у сярэднім за папярэднія 6 месяцаў. Пры гэтым менавіта дзякуючы экспарту ў ЭЗ Беларусь магла кампэнсаваць дысбалянс гандлю з Расеяй. За 7 месяцаў 2012 году адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала 7.99 мільярдаў даляраў, станоўчае сальда ў гандлі з Эўразьвязам — 8.08 мільярдаў даляраў. Аднак калі ў студзені-чэрвені беларускі экспарт у краіны Эўразьвязу перавышаў імпарт з Расеі на 6.1%, то ў ліпені — толькі на 1.1%.

Агульны прафіцыт (перавышэньне экспарту над імпартам) зьнешняга гандлю Беларусі ад чэрвеня па ліпень зьнізіўся больш чым у 18 разоў — з 430 да 23 мільёнаў даляраў.

Паводле Інтэрфаксу, аснову беларускага экспарту ў ЭЗ у бягучым годзе, разам з нафтапрадуктамі, складалі растваральнікі і змазачныя матэрыялы. Ад канца чэрвеня расейскія кампаніі спынілі пастаўкі ў Беларусь прамагоннага бэнзіну, які выкарыстоўваўся ў якасьці сыравіны для вырабу растваральнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG