Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі не вядзе статыстыку навучаньня па-беларуску


Пачаўся новы навучальны год. Кодэкс аб адукацыі, які пачаў дзейнічаць з 1 верасьня 2011 года, замацаваў права выбару вучняў і іх бацькоў, на якой мове вучыцца ў школе, гімназіі, ліцэі.

Прэсавы сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна даволі доўга ў розных чыноўнікаў міністэрства шукала статыстыку, дакладныя лічбы, колькі ў краіне беларускамоўных школ, і колькі вучняў навучаюцца па-беларуску:

«Колькасьць саміх вучняў — яна невялікая, але яна расьце. Гэта дакладна, але колькі іх — мы не падлічвалі. Калі распрацоўваліся новыя правілы беларускай арфаграфіі, тады падлічвалі. Тады казалі, што большасьць школ у сельскай мясцовасьці — беларускамоўныя, але зараз ужо два гады, як мы іх не лічылі, таму цяжка сказаць, колькі іх канкрэтна».

Паводле Мінадукацыі, прыкладна 200 тысяч дзяцей вучыцца па-беларуску (усяго ў краіне каля 900 тысяч навучэнцаў школ і гімназіяў).

Алег Трусаў
Алег Трусаў
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў цалкам пагаджаецца, што дакладнай статыстыкі не вядзецца, таму што сытуацыя з кожным годам пагаршаецца:

«Колькі зараз вучыцца па-беларуску, на сёньняшні дзень, яны і самі ня ведаюць.

Карэспандэнтка: „Яны кажуць, што зараз у іх такая статыстыка не вядзецца наагул“.

„Ну правільна, таму што яна адмоўная, таму і не вядзецца. З кожным годам усё менш і менш, таму яны яе і не вядуць. У сярэднім штогод губляем калі 1%, калі 1,5%, калі 2“. Я мяркую, што і ў гэтым годзе будзе на 1 — 2% менш, чым было. Дзесьці на ўзроўні 18 — 19%».

Пік навучаньня па-беларуску прыйшоўся на сярэдзіну 1990-х: тады прыкладна адна траціна беларускіх школьнікаў навучалася на роднай мове (у 1996-97 навучальным годзе — 32,9%). На пытаньне, чаму зараз адбываецца спад, старшыня ТБМ Алег Трусаў адказаў так:

«Першая прычына — масавае закрыцьцё сельскіх школ, дзе мала дзяцей альбо зусім няма. І вельмі цяжка дзецям: яны вучыліся па-беларуску да 5-й клясы, потым школу закрылі, і іх кінулі ў суседнюю рускамоўную школу. Другая прычына — што ў вялікіх гарадах, за выключэньнем Менску, няма наагул ніводнай беларускамоўнай школы, дзе — нідзе, дзякуючы актывістам ТБМ, толькі клясы адкрылі. Няма ніводнага абласнога горада, дзе была б цалкам беларускамоўная школа. Толькі Менск трымаецца дзякуючы нацыянальнай інтэлігенцыі. Тут сытуацыя не мяняецца ў горшы бок, можа, нават крышачку паляпшаецца».



Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі, сёлета закрыюць 128 малакамплектных школ у сельскай мясцовасьці. Пераважна яны былі беларускамоўныя. А вось у сталіцы сытуацыя сапраўды крыху паляпшаецца. Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі № 23 Ніна Нікіціна распавяла:

«У гэтым годзе нас стала на 20 чалавек больш. У мінулым годзе было 372 вучня, у гэтым — 392. А набралі ў першую клясу 47 вучняў, падзялілі іх на дзьве клясы. Максымальная напаўняльнасьць нашай гімназіі — 400 дзетак. І беларускамоўная навучальная ўстанова ідзе па праектнай напаўняльнасьці, як будынак разьлічаны. Вось гэта добрая навіна».

Так, у Менску 5 беларускамоўных гімназіяў: № 4 (Кунцаўшчына, 18); № 23 — (праспэкт Незалежнасьці, 45); № 28 (праспэкт Ракасоўскага, 93); № 9 (вуліца Сядых, 10); № 14 (Васьняцова, 10); і 3 школы: № 190 (Нікіфарава, 19), № 60 (Лібкнехта, 82) і № 68 (завулак Ахоцкі, 17). У васьмі сталічных школах ёсьць беларускамоўныя клясы. То бок толькі ў 16 з прыкладна 230 сярэдніх навучальных установаў сталіцы ёсьць магчымасьць вучыцца па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG