Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: «Гэта проста «бязьмежжа», цераз калена мяне ламалі, і ўсё»


Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка, які дамогся рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты празь Вярхоўны суд, мяркуе атрымаць пасьведчаньне ў Цэнтравыбаркаме. Аляксандар Мілінкевіч таксама зьвярнуўся ў Вярхоўны суд.

Ужо 26 выступаў кандыдатаў у дэпутаты ад АГП не былі выпушчаныя ў эфір. Байкотны кандыдат ад Партыі БНФ Арцём Лява плянуе зьняцца з выбараў.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка, якому адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты спачатку Шаркоўшчынская акруговая камісія № 29, а потым Цэнтравыбаркам, распавёў, што яму так і не ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі акруговай камісіі нават у Вярхоўным судзе. Аднак неабходныя доказы, каб абскардзіць нерэгістрацыю, ён сабраў з дапамогай аўдыё- і відэазапісаў, зробленых схаванай камэрай і мікрафонам на пасяджэньні акруговай камісіі.

«Гэта проста жахліва. Гэта парадокс. Як абараняць свае правы? Гэта проста „бязьмежжа“, цераз калена мяне ламалі, і ўсё».

Падчас разгляду скаргі ў судзе Цярэшчанка выказаў заўвагу прадстаўніку пракуратуры.

«Я зьдзіўлены непісьменнасьцю, фармальным стаўленьнем да справы з боку прадстаўніка Генпракуратуры. Чалавек ня ведае Выбарчага кодэксу, спасылаўся на свае высновы, якія не адпавядалі артыкулам Выбарчага кодэксу. Гэта было аднабока, каб дагадзіць Цэнтральнай камісіі, каб толькі яе апраўдаць. Судзьдзя апусьціў галаву, нічога не сказаў. Я стаміўся ад гэтага бардаку і ў ЦВК, і тут».

Пастанову Вярхоўнага суду сёньня спадар Цярэшчанка плянуе перадаць у Цэнтральную камісію, да якой мае пытаньні:

«Завяршыўся час падачы праграм і іх публікацыі. Пакуль я атрымаю пасьведчаньне, я страчваю 15 каляндарных дзён. У мяне на 15 дзён меней рэкляма. Таму пытаньне, як быць з тэлебачаньнем і радыё? То бок тэрміны страчаныя. Як у гэтым выпадку быць са мной?»

Скаргу на адмову ў рэгістрацыі падаў у Вярхоўны суд і лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Сёньня павінны паведаміць дату яе разгляду. Пра пэрспэктывы разважае намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Вярхоўны суд амаль ніколі не абвяргаў пазыцыю ЦВК. Зь Цярэшчанкам гэта рэдкае выключэньне. Падчас папярэдніх кампаніяў рашэньне ЦВК фактычна рабілася канчатковым. І тут наўрад ці што зьменіцца на гэты раз. Але ў кожным разе мы зьбіраемся прайсьці ўсе гэтыя працэдуры, каб даказаць, што кандыдат мусіў быць зарэгістраваны і ніякіх падстаў для адмовы не было».

Каля 20-ці кандыдатаў пазначылі Аляксандра Мілінкевіча даверанай асобай. Бліжэйшым часам ён зьбіраецца наведаць рэгіёны дзеля сустрэч з выбарцамі.

Тым часам працягваюцца выступы кандыдатаў па радыё і тэлебачаньні. Як паведамілі ў АГП, 26 выступаў кандыдатаў (сьпікераў) ад АГП не былі выпушчаныя ў эфір. Радыёвыступ намесьніка старшыні партыі Льва Марголіна выбарцы таксама не пачулі, а лёс тэлевыступу на гэтым тыдні пакуль невядомы.

Леў Марголін

Леў Марголін

«Ёсьць грубае парушэньне Выбарчага кодэксу. І яны ня ведаюць, што з гэтым рабіць. Як пераканаць, скажам, наглядальнікаў, што нядопуск у эфір — гэта парушэньне Выбарчага кодэксу, я ня ведаю. Бо мы нават у апошніх выступах зьнялі заклікі да байкоту. Мы замянілі выразамі, што выбараў няма і мы ў іх ня будзем браць удзел, а што вам рабіць, няхай падкажа ваша сумленьне. І ўсё роўна яны здымалі нас. Я думаю, што гэта ўсё ж такі скандал. Нікому нічога не гаварылі. Проста ўключаеш тэлевізар ці радыё, а там музыка. Палянэз Агінскага ці нейкія краявіды».

Кандыдат ад Партыі БНФ Арцём Лява будзе браць удзел у кампаніі байкоту па сваёй 101-й Фрунзенскай акрузе ў Менску. Кампанію тут падтрымліваюць «Гавары праўду», рух «За свабоду», Партыя БНФ, моладзевая структура «Zмена» і партыя «Справядлівы сьвет». Арцём Лява заявіў, што плянуе згодна з рашэньнем партыйнага зьезду за тыдзень да выбараў зьняцца зь іх:

Арцём Лява

Арцём Лява

«Я лічу цалкам лягічным пакінуць пазыцыю па зьняцьці. Гэта насамрэч будзе супярэчлівы мэсыдж, калі я буду агітаваць за байкот і пры гэтым ісьці да канца. Шмат ёсьць нюансаў. Калі я байкатую, прасьцей прызнаць выбары нелегітымнымі. Па-другое, маральны аспэкт — палітвязьні. І тое, што ў камісіі ня ўключаныя нашы людзі з БНФ, толькі 5%. Таму я ня бачу сэнсу мяняць пазыцыю БНФ наконт зьняцьця».
XS
SM
MD
LG