Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне «Пагоні» ў Беларусі — праблема для Літвы?


На думку літоўскага гісторыка, Беларусь можа вярнуцца да герба Віціса (гэтак у Літве называюць герб з выявай рыцара-вершніка зь мячом), што можа стварыць пэўныя праблемы для Літоўскай Рэспублікі. Пра гэта паведамляе партал Delfi.

Прафэсар гістарычнага факультэту Вільнюскага унівэрсытэту Альфрэдас Бумблаускас сьцьвярджае, што пакуль у Літве вядуць дыскусіі аб больш шырокім выкарыстаньні гістарычнага сьцяга з выявай Віціса, гэты знак можа вярнуць Беларусь, рэжым якой ўсё больш паварочваецца ў бок спадчыны Вялікага княства Літоўскага.

«Ёсьць беларусы, якія лічаць, што Літва доўга няўдзячна паводзіла сябе ў дачыненьні да беларусаў. Некаторыя зь іх, нават сябры Літвы, пакідаюць за бортам нашых аўтараў, акадэмікаў. Яны лічаць, што літоўцы паслалі супраць беларусаў акадэмікаў, каб прынізіць Беларусь, паколькі роля беларусаў у ВКЛ была больш значнай, чым малююць літоўцы», — сказаў гісторык.

Паводле Бумблаускаса, трэба прызнаць, што роля беларусаў у Літве недастаткова ацэненая — па словах гісторыка, «літоўцы глядзяць на гісторыю ВКЛ адным вокам, а не двума», забываючы, да прыкладу, што «палова Вільні была беларускай».

Зь іншага боку, па словах Бумблаускаса, «Беларусь перагінае палку ў іншы бок», гісторыяй Літвы называе толькі гісторыю Жамойці.

«Уявіце: некалі Беларуская Рада зьбярэцца і абвесьціць, што яны не Беларусь, а Літва. І што будзе рабіць Літва, што будуць рабіць тыя, якія супраць Віціса ВКЛ? Беларусы назавуць сваю краіну Літвой і скажуць: а вы скралі нашае імя », - разважае Бумблаускас.

«Многія абураюцца, навошта патрэбны гістарычны сьцяг, ён жа чырвоны. Зь іншага боку, як яшчэ паказаць сувязь з ВКЛ? Калі нам не падабаецца гэты сьцяг, то нам не падабаецца і ВКЛ?» — сказаў навуковец.

Віціс, як нацыянальны герб Беларусі, ( так у інфармацыі Delfi — РС) быў скасаваны рэфэрэндумам 1995 года, які ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка, калі прыйшоў да ўлады. Аднак апошнім часам рэжым Лукашэнкі мяняе сваё стаўленьне да ВКЛ, сказаў Бумблаускас.

«Я б сказаў, што 4 з 5 гісторыкаў перакананыя, што ВКЛ — беларуская дзяржава. Доўга здавалася, што Лукашэнка гэта спыняе. Але цяпер гэтая канцэпцыя прадстаўленая і ў афіцыёзных газэтах Беларусі. Такая тэндэнцыя. Лукашэнка можа, калі яму трэба, узброіцца гэтай канцэпцыяй», - сказаў Бумблаускас.

«У XIV годзе ў гады праўленьня князя Альгірдаса ВКЛ пашырылася да Чорнага мора. Літва ахоплівала этнічныя паганскія землі літоўцаў і праваслаўныя землі стараросаў. На гэтых землях з часам сфармаваўся асобны ад маскоўскіх рускіх народ, які даў пачатак цяперашнім беларусам і ўкраінцам. Акрамя таго, на заваяваных землях літоўцы знайшлі пісьмовасьць, якой у іх не было, і ў ВКЛ сталі выкарыстоўваць яе.

Цяпер гістарычны сьцяг 6 ліпеня ў Дзень каранацыі Міндоўга і 15 ліпеня ў Дзень Грунвальдскай бітвы паднімаюць над Палацам кіраўнікоў у Вільні, над Тракайскім замкам і ў сквэры Ваеннага музэю ў Каўнасе», - піша літоўскі партал.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG