Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэбатаў ня будзе. Абсталяваньне зламалася


Тэлеканал «Беларусь 2» адмяніў запіс дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты з-за паломкі абсталяваньня.

Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле ягоных слоў, раніцай 3 верасьня павінен быў адбыцца запіс яго дэбатаў з кандыдатам у дэпутаты Палаты, дзеючым дэпутатам Мікалаем Самасейкам.

«Аднак мне патэлефанавалі і паведамілі, што па тэхнічных прычынах — з-за паломкі абсталяваньня — запіс адмяняецца», — сказаў Лябедзька.

Сам Лябедзька ў такую вэрсію ня верыць:

«На мінулым тыдні я запісваў дэбаты таксама зь дзеючым дэпутатам Сьвятланай Шылавай. У маім выступе не было заклікаў да байкоту, але тое, што ў нас няма выбараў, няма парлямэнту — гэта я агучыў, і наша жорсткая пазыцыя была выкладзеная. Шылава, я лічу, у дэбатах выглядала вельмі блякла. Таму альбо зараз тэлеканал тэрмінова арганізоўвае курсы па вучобе праўладных кандыдатаў па выступе перад камэрай, альбо думае, што наагул рабіць з дэбатамі і як пазбавіцца ад такой непрыемнасьці», — сказаў Лябедзька.

Хоць, на яго думку, «пяціхвілінныя дэбаты ў запісе — гэта і так ганьба для нашых выбараў».

З аналягічнай прычыны быў адменены запіс дэбатаў кандыдата ў дэпутаты, падтрыманага кампаніяй «Гавары праўду», Тацяны Караткевіч. Яна мелася дыскутаваць з кіраўніком Менскага гарадзкога савету дэпутатаў Міхаілам Савановічам і былым старшынём Нацбанку Беларусі Станіславам Багданкевічам.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду» і давераная асоба Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў, ён таксама меў намер узяць удзел у дэбатах. «У апошні час па тэлеканале» Беларусь 2 «можна было глядзець толькі футбол. Мабыць, альтэрнатыўных меркаваньняў і непрыемных пытаньняў апаратура ня вытрымала», — сказаў ён.
XS
SM
MD
LG