Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая апазыцыя абвінавачвае ўрад ў падвойнай маралі што да Беларусі


Дэпутат Бундэстагу ад партыі левых, парлямэнтар ПАРЭ Андрэй Хунка.

Дэпутат Бундэстагу ад партыі левых, парлямэнтар ПАРЭ Андрэй Хунка.

Прадстаўнікі партыі зялёных і партыі левых у нямецкім Бундэстагу накіравалі ў фэдэральны ўрад запыты адносна ўдакладненьня некаторых момантаў супрацы паміж паліцэйскімі сіламі Нямеччыны і Беларусі.

Сярод пытаньняў, якія накіравалі ва ўрад прадстаўнікі зялёных, наступныя:

  • Наколькі адпавядае супраца нямецкіх і беларускіх сілавікоў з канцэпцыяй ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, хто і калі ўхваліў праект навучаньня беларускіх сілавікоў, вядомых сваёй жорсткасьцю ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў?
  • Ці праводзілася навучаньне для прадстаўнікоў спэцпадразьдзяленьня «Алмаз»?
  • Ці было ўцягнутае ў навучаньне беларускіх сілавікоў спэцпадразьдзяленьне GSG 9 — нямецкі спэцназ, мэта якога спыненьне антытэрарыстычных дзеяньняў на тэрыторыі краіны?
  • Якога кшталту была матэрыяльная падтрымка беларускай міліцыі з боку фэдэральнага ўраду? У якім памеры ажыцьцяўлялася гэтае фінансаваньне, на падставе якіх артыкулаў бюджэту?

«Нашы пытаньні падобныя на пытаньні зялёных па сутнасьці, хаця наша палітыка ў дачыненьні да Беларусі ў некаторых момантах адрозьніваецца», — сказаў у размове са «Свабодай» дэпутат Бундэстагу ад партыі левых і парлямэнтар ПАРЭ Андрэй Хунка.

Паводле дэпутата, адрозна ад зялёных, нямецкія левыя выступаюць супраць санкцыяў для Беларусі, аднак разам зь іншымі фракцыямі яны рэзка крытыкуюць Менск за ўжываньне сьмяротнага пакараньня і жорсткае падаўленьне грамадзянскай супольнасьці.

«Менавіта левыя былі першымі ў Бундэстагу, хто год таму ініцыяваў расьсьледаваньне падобнай нямецка-беларускай каапэрацыі. Што найбольш абурае нас у гэтай гісторыі, дык гэта падвоеная мараль нямецкага ўраду ў дачыненьні да беларускага рэжыму. З аднаго боку, ён патрабуе санкцыяў, а зь іншага ўхваляе гэтае супрацоўніцтва. Спадзяемся, што адказы на нашы пытаньні ад урадоўцаў атрымаем цягам двух тыдняў», — кажа Андрэй Хунка.

(Падрабязнае інтэрвію з гэтым палітыкам — заўтра на нашым сайце)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG