Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ніколі нічога ня чуў пра існаваньне “Вконтакте» суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» з 35 тысячамі сяброў.

Я ня ведаў, што ёсьць група «Толькі ШОС», і што нехта зьбірае віртуалаў на бясплатны канцэрт «Ляпісаў».

Пра ўсё гэта я даведаўся 30 жніўня, калі КДБ пачало «веерныя затрыманьні» адміністратараў.

Дзякуючы гэтым арыштам, за першыя суткі аб суполках «Надакучыў нам гэты Лукашэнка», «Толькі ШОС» і «Ляпіс Трубяцкой – бясплатны канцэрт у Мінску», даведалася, па маіх сьціплых падліках, каля 300 тысяч карыстальнікаў Інтэрнэту. У самай буйной з суполак было, нагадаю, 35 тысяч сяброў.

На мой погляд, разгромленыя групы Вконтакте не былі пагрозай.

Па-першае, трэба добра разумець прыроду сацыяльных сетак, пра якую было шмат літар напісана тут. 35 тысяч удзельнікаў суполкі – гэта ня тое самае, што 35 тысяч патэнцыйных вулічных пратэстоўцаў. Гэта 35 тысяч маўклівых юзэраў, сьмеласьць ды нон-канфармізм якіх, часьцей за ўсё, цалкам вычэрпваюцца пацьвярджэньнем запрашэньня ў групу з прыгожай назвай («Толькі ШОС»).

Па-другое, трэба разумець прыроду Інтэрнэту. Калі б я пісаў падручнік па законах Інтэрнэту, адзін зь яго буйнейшых законаў я б сфармуляваў так: гэта закон прыбываньня пустаты. Кожны тыдзень я дадаю да сяброў 25-40 новых юзэраў Facebook. За месяц мая «фрэнд-стужка» павялічваецца ў сярэднім на 100 імён. Большасьць з гэтых людзей я ніколі ня бачыў, каля дзесяці адсоткаў зьяўляюцца відавочнымі «ботамі» – ці то «палітычнымі», ці то «камэрцыйнымі», бо адразу за прапановай дадаць іх да сяброў, ідзе прапанова рэкамэндаваць ім сяброў (у небаракаў нікога, акрамя мяне, няма – адкуль жа яны бяруцца, усе гэтыя Ані Аніны?). Дык вось, так адбываецца не з-за таго, што я – нейкі круты перац, гіпэр-мачо, фап-аб'ект.

Роўна тое ж, з рознымі тэмпамі адбываецца з фрэнд-стужкамі ўсіх астатніх карыстальнікаў папулярных сеціўных праектаў – ад Twitter`у да «Одноклассников». Нават калі адбываецца спрэчка, і адзін чалавек сыходзіць са сьпісаў сяброў\фалловераў і г. д., прыходзяць яшчэ дзесяць. Бо Інтэрнэт расьце. Як сказаў мне аднойчы дырэктар рускай «Вікіпэдыі»: кожны год аб'ём інфармацыі, зьмешчанай у Інтэрнэце, падвойваецца. Падвойваюцца колькасьць карыстальнікаў, сяброў, але ўсё гэта (не стамляюся гэта паўтараць) – вялікая лічбавая бурбалка. За якой нічога няма. Пустата.

Гэтая растучая «ня-існасьць» кожны дзень рэструктурызуецца, прымае новыя формы бязьдзейнасьці, заклікае вас у групы і зьмяшчае фоты сваіх сьняданкаў. На колькі груп вы падпісаныя ў Facebook? Я падлічыў, быў агаломшаны: 45! Як адзначыў нехта з Facebook: “Прыемна пачынаць дзень выдаленьнем з групаў, у якія цябе назапісвалі за ноч!»

Дык вось, праз паўгоду ў групе «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» было б 50 тысяч сяброў. А яшчэ праз год – 100 тысяч. Але гэта – не прыкмета таго, што рэжым хістаецца. Гэта праява закону прыбываньня пустаты.

Трэцяя прычына, па якой ўсе разгромленыя групы не былі ніякай пагрозай для рэжыму – у тым, што беларусы і сьвет перасталі спадзявацца на сеткавыя рэвалюцыі. У беларусаў быў шанец мінулым летам. Але, як і ўсе шанцы за апошнія 200 гадоў, мы яго прапляскалі.

Зараз зьявіліся спэцыяльныя тэрміны, якія абазначаюць гэтую форму актыўнасьці (групы ў сацсетках, Інтэрнэт-пэтыцыі, Інтэрнэт-мары пра канцэрт забароненых Ляпісаў) і адначасова з тым зьневажальна характарызуюць яе, напрыклад – сляктывізм.

Чацьвёртая прычына, па якой КДБ ня варта было чапаць тыя суполкі «Вконтакте», палягае ў тым, што іх яшчэ і проста немагчыма выдаліць. Гэта змаганьне нават не зь ветракамі, а з той самай пустатой. Нават калі расейскія ўладальнікі не пагодзяцца ўзнавіць усю сьцёртую інфу (а яны, хутчэй за ўсё, не пагодзяцца), па Інтэрнэту ўжо зараз ідзе стыхійная кансалідацыйная кампанія «ствары групу\экаўнт\суполку\нешта – з назвай, падобнай на тую, што выклікала арышты»).

Барбра Стрэйзанд (справа) і рэжысэрка Кэтрын Бігелоў

Барбра Стрэйзанд (справа) і рэжысэрка Кэтрын Бігелоў

У дадзеным выпадку ўлады сутыкнуліся з клясычнай праявай так званага «Эфэкту Стрэйзанд», які апісаны ў спэцыяльнай літаратуры яшчэ 7 гадоў таму.

Ёсьць такая сьпявачка і акторка Барбара (Барбра) Стрэйзанд, якая ў глямурным асяродку ЗША адыгрывае прыкладна тую ж ролю, якую Ксенія Сабчак іграе ў глямурным жыцьці Расеі. Дык вось, у 2003 годзе фатограф зь нікому невядомага сайту Pictopia.com зрабіў сэрыю паветраных здымкаў узьбярэжжаў Каліфорніі, каб зь іх дапамогай праілюстраваць эрозію зямной паверхні для California Coastal Records. Фоткі трапілі ў Інтэрнэт, але іх ніхто там не заўважыў.

І вось, раптам Барбара Стрэйзанд пазнала на адной з гэтых фотак сваю вілу ў Малібу і закаціла скандал. Яна запатрабавала выдаліць здымак з вілай, што і было зроблена – адміністратары сайту нават ня ведалі, што дамок на малюнку – віла Стрэйзанд.

Але скандал прыцягнуў увагу юзэраў, і фоткі з домам Барбары распаўзьліся па ўсяму Сеціву. Спроба спыніць распаўсюджаньне інфармацыі прывяла да яе імгненнага памнажэньня.

Ёсьць шанец, што арганізатары рэйдаў па хатах карыстальнікаў ВКонтакте ня ведалі аб «эфэкце Стрэйзанд». У гэтым выпадку ўсё выглядае перамогай групаў «Толькі ШОС» і «Надакучыў нам гэты Лукашэнка». Бо «спыніць працу апазыцыйнай групы ў 35 тысяч чалавек» – справа, якая добра выглядае ў рапартах. А што ў якасьці бясплатнага дадатку да «спыненьня працы» і «прадухіленьня дзейнасьці» краіна атрымала другую хвалю масавай цікавасьці да сацыяльных сетак, – дык гэта дробязі.

Гэта ў рапарты ня трапіць.

Але нельга выключаць, што на «эфэкт Стрэйзанд» КДБ пайшоў наўмысна.

У дадзеным выпадку распаўсюджваліся ня толькі назвы груп. Распаўсюджвалася яшчэ і дадатковы мэсыдж: інфармацыя аб тым, што здарылася з тымі, хто іх мадэраваў. А гэта – чарговыя суткі, арышты, ператрусы, суды – вірус страху. І зь віруснай хуткасьцю – ды па мэтавай аўдыторыі, па яе мазгах ды сьмеласьці.

Да выбараў краіна эмацыйна гатовая!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG