Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан павысіў забойцу да маёра


Раміль Сафараў пасьля вяртаньня ў Баку, 31 жніўня, 2012

Раміль Сафараў пасьля вяртаньня ў Баку, 31 жніўня, 2012

Адвакат Сафарава ў вугорскім судзе апраўдваў забойства тым, што яго армянскі калега нібыта зьняважыў азэрбайджанскі сьцяг.

Афіцыйны Баку даў вайсковае павышэньне забойцу, якога Вугоршчына выдала ў Азэрбайджан напярэдадні. Лейтэнант Раміль Сафараў, які адбываў у Вугоршчыне пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства ў гэтай краіне армянскага афіцэра, быў сёньня павышаны да маёра. Міністар абароны Сафар Адыеў пажадаў яму посьпеху ў далейшай вайсковай кар'еры.

У сталіцы Армэніі Ераване з гэтай нагоды праходзяць акцыі пратэсту. Учора актывісты закідалі памідорамі будынак вугорскай амбасады, сёньня спалілі вугорскі сьцяг, скандуючы "Вугоршчына, давай, да пабачэньня!". Яшчэ адзін лёзунг – "Заплаці 3 мільярды і купі забойцу" – зьвязаны з паведамленьнямі аб тым, што Азэрбайджан мае намер набыць вугорскія ўрадавыя аблігацыі на суму да 3 мільярдаў эўра.

Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсян, які абвясьціў напярэдадні аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў з Вугоршчынай, даручыў падрыхтаваць пратэстныя звароты да прэзыдэнтаў краін-сустаршыняў Менскай групы АБСЕ, якая займаецца ўрэгуляваньнем канфлікту вакол Нагорнага Карабаху.

Вугорская паліцыя арыштавала лейтэнанта азэрбайджанскіх узброеных сіл Раміля Сафарава ў лютым 2004 году ў Будапэшце, дзе той браў удзел у праграме НАТО "Партнэрства для міру" – за забойства армянскага ўдзельніка гэтай праграмы лейтэнанта Гургена Магар'яна. Як паведаміла вугорская паліцыя, Сафараў пракраўся ў пакой да Магар'яна і нанёс яму шматлікія раны: нажом – у грудзіну і сякерай – у раён шыі, фактычна адсекшы галаву. Адвакат Сафарава ў судзе апраўдваў злачынства тым, што яго армянскі калега нібыта зьняважыў азэрбайджанскі сьцяг.

Вугорскі суд пакараў Сафарава пажыцьцёвым зьняволеньнем за наўмыснае забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю. Пасьля васьмі гадоў за кратамі ў Вугоршчыне Сафараў быў выдадзены ў Азэрбайджан. Паводле афіцыйнага Будапэшту азэрбайджанскія ўлады далі гарантыі, што ён працягне адбываць пажыцьцёвае зьняволеньне. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, аднак, памілаваў афіцэра адразу, як той вярнуўся на радзіму.
XS
SM
MD
LG