Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначана акруга для байкоту: № 101 у Фрунзенскім раёне


У Менску створана рабочая група па арганізацыі байкоту ў асобнай Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101. Да акругі прыпісана больш за 70 тысяч выбарцаў.

У гэтай кампаніі бяруць удзел прадстаўнікі Руху «За свабоду», Партыі БНФ, грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», моладзевай структуры «Zмена». Пра сваё далучэньне да байкоту ў гэтай акрузе заявілі таксама прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет».

Адзін з каардынатараў байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101, сябра руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч, апавёў, што ўся праца будзе базавацца на кампаніі кандыдата ад партыі БНФ Арцёма Лявы, які зарэгістраваны па гэтай акрузе. Раней ініцыятары байкоту ў асобнай акрузе — рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» — заяўлялі пра тое, што для байкоту будзе абрана акруга, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў. Юрась Меляшкевіч патлумачыў:

Юрась Меляшкевіч
Юрась Меляшкевіч
«Мы карыстаемся яго ўдзелам у выбарах, у агітацыі для таго, каб разгортваць кампанію байкоту. Законныя працэдуры для атрыманьня месцаў для агітацыі, для выстаўленьня пікетаў, для друку матэрыялаў абмежаваныя ў выпадку, калі кандыдата няма. Калі яго няма, то ў нас няма мажлівасьці стаяць у пікеце так, як гэта можа дазволіць сабе кандыдат. І мы зьбіраемся менавіта дзякуючы гэтаму правесьці больш візуальную, прыкметную і дынамічную кампанію. Мы будзем прысутнічаць усюды, дзе толькі можна, будзем распавядаць пра байкот, як і чаму мы зьбіраемся байкатаваць гэтыя выбары. Мы выбралі аптымальную акругу, якая дазволіць найбольш эфэктыўна спрацаваць».

Ініцыятары байкоту ў асобнай акрузе ў Менску прызначылі першую сустрэчу з выбарцамі на 7 верасьня. Таксама яны плянуюць надрукаваць адмысловыя агітацыйныя матэрыялы, ужо распрацаваныя лёзунгі і захады дзеля таго, каб пераканаць людзей не ісьці на выбары, апавёў Юрась Меляшкевіч.

«Не хадзіць, ня ўдзельнічаць у галасаваньні. Мы гэта будзем даносіць праз улёткі, праз сустрэчы з Арцёмам, які будзе казаць, калі выбарцы хочуць яго падтрымаць, то няхай яны не ідуць галасаваць».

Арцём Лява
Арцём Лява
Партыя БНФ плянуе правесьці чарговую сэсію свайго зьезду, на якой будзе прымацца рашэньне пра зьняцьцё кандыдатаў. Стваральнікі кампаніі байкоту ў адной акрузе мяркуюць, што байкотны кандыдат Арцём Лява пройдзе выбары да канца. Прычым будзе арганізавана сталае назіраньне за яўкай і галасаваньнем на ўсіх участках акругі.

«Мы яшчэ будзем весьці перамовы з партыяй БНФ, ці не дазволяць Арцёму Ляву ісьці да канца, каб зафіксаваць вынікі ўдзелу ў кампаніі і абскардзіць вынікі галасаваньня, калі будуць фальсыфікацыі. Мы будзем пра гэта гаварыць. Але пакуль дзейнічае рашэньне, паводле якога Арцём Лява за тыдзень мусіць зьняцца. Мы данясем да кожнага выбарца, чаму варта ня ўдзельнічаць».

Паводле Меляшкевіча, іх кампанія байкоту ў асобнай акрузе будзе адрозьнівацца ад байкоту па ўсёй краіне тым, што яна будзе грунтавацца на актыўнай працы з грамадзтвам, а не на пасіўнай, інтэрнэтаўскай.

Сябра кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута адзначыў, што гэта тэхналягічны экспэрымэнт, як правесьці актыўны байкот:

«Мы прыйшлі да высновы, што трэба, каб быў кандыдат, бо гэта дадае для арганізацыі байкоту пэўныя дадатковыя магчымасьці. Лява пагадзіўся з намі, ён сябра нашай працоўнай групы».

Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў сказаў, што яго партыя ўваходзіць у групу па арганізацыі байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101.

«У якасьці экспэрымэнту, як гэта ўсё рабіць. Бо рэальна ніхто ў Беларусі байкот пакуль не рабіў. Нашы людзі будуць працаваць там. І самі пераканаюцца — рэальна ці не рэальна зрабіць байкот у Беларусі, як да гэтага ставяцца людзі. Вопыт любы карысны, у тым ліку і па байкоце. Па адной акрузе можна будзе ацаніць гэта і потым вызначыцца, што эфэктыўней для далейшай працы — байкот ці ўдзел».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG