Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дашкевіча могуць адправіць па этапе ў ноч на аўторак, 4 верасьня


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Зьмітра Дашкевіча могуць адправіць па этапе ў Віцебскі ізалятар ў ноч з панядзелка на аўторак. Мэдычная бандэроль шукала Сяргея Каваленку ў калёніі цэлы тыдзень. Чаму Паўлу Севярынцу забаронена ліставацца з Васьковічам і Статкевічам? Алесь Бяляцкі піша ў лісьце пра магчымую «перазагрузку».

Зьміцер Дашкевіч дагэтуль знаходзіцца ў Глыбоцкай калёніі, дзе 28 жніўня над ім адбыўся новы суд, які дадаў актывісту да пакараньня яшчэ год зьняволеньня. Паводле Насты Палажанкі, нявесьце і паплечніцы Зьмітра Дашкевіча яго хутчэй за ўсё адправяць па этапе ў Віцебскі СІЗА у ноч на 4 верасьня. Наста адзначае, што ў лістах, якія прыходзілі ад Зьмітра напярэдадні суду ён выявіў сябе аптымістам, як заўсёды.

«Лісты нармальныя ад яго ішлі. Зьміцер цудоўна разумеў, з чым ён сутыкнецца. У яго ёсьць такі прынцып. Што трэба настройваць сябе на горшае і тады нішто не засмучае. Гэтак было і на волі. Ён заўжды казаў, што лепш рыхтавацца да горшага, а калі лепшае застане, то і радасьці больш. Таму, мяркую, Зьміцер рыхтаваўся, што ён атрымае максымум і нейкім чынам быў гатовы. Але фактам ёсьць і тое, што такі прысуд — гэта бязьмежжа».

Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны дадаткова на год калёніі нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі Глыбоцкай калёніі. Цяпер атрымліваецца, што на волю палітвязень мусіць выйсьці не раней за жнівень 2013 года, хаця мусіў вызваляцца сёлета ў сьнежні.

Сяргей Каваленка атрымаў мэдычную бандэроль са спазьненьнем на тыдзень

Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Палітвязьня Сяргея Каваленку ўжо болей за два тыдні трымаюць ў мэдычнай частцы калёніі і пры гэтым не называюць яму дыягназу. «Дыягназ, з-за якога яго там трымаюць, яму не кажуць. Пра здароўе сказаў, што часта і даволі моцна баліць галава», — паведаміла пра Сяргея яго жонка Алена са спасылкай на атрыманы ліст. Алена Каваленка зьдзіўляецца таму, што ў такім стане яе мужу не сьпяшаліся перадаваць бандэроль з лекамі.

«Цікавая рэч, што мэдычную бандэроль ён атрымаў толькі цяпер, хаця я выслала яе яшчэ тыдзень таму. Цікава, навошта яе прытрымлівалі? Хіба ім невядома, што зараз праз інтэрнэт можна сачыць за паштовымі адпраўленьнямі. Бандэроль была яшчэ ў той чацьвер ў калёніі, гэта я дакладна ведаю. Але перадалі яму толькі сёньня і адны лекі гэтак і не перадалі».

Таксама Сяргей Каваленка паскардзіўся на перабоі ў ліставаньні са сваякамі і сябрамі. Шмат лістоў да палітвязьня і ад яго не даходзяць.

Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка адбывае год і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця хатняй хіміі, якую ён атрымаў пасьля вывешваньня нацыянальнага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Трымаюць палітвязьня ў Магілёўскай калёніі.

Паўлу Севярынцу не дазваляюць ліставацца зь Міколам Статкевічам

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Хімік» Павал Севярынец паведаміў апошнія навіны са свайго жыцьця ў папраўчай ўстанове пад Ружанамі.

«Жніво ідзе, працы было шмат, лістоў шмат. І вось атрымаў адказы на свае скаргі на тое, што не дазваляюць перапісвацца з Васьковічам і Статкевічам. Адказы, як ні дзіўна, даслалі па-беларуску, а па сутнасьці — пераадрасоўваюць да іншых установаў. Спасылаюцца на нейкія нормы крымінальна-выканаўчага кодэксу, якія быццам забараняюць ліставаньне асуджаным паміж сабой. Але ж гэта нідзе не выконваецца. Дакладна ведаю, што па ўсёй краіне лістуюцца вязьні. Гэта абсалютна вядомая рэч. Але што да нас, дык выбралі нейкую норму і ёй прыкрыліся».

Павал Севярынец асуджаны на 3 гады «хіміі» за Плошчу. Былы кандыдат на прэзыдэнт Мікалай Статкевіч атрымаў за арганізацыю мітынгу пратэсту 10 сьнежня 2010 году 6 гадоў зьняволеньня. Маладзёвы актывіст Яўген Васьковіч пакараны 7 гадамі зьняволеньня за спробу падпаліць будынак Бабруйскага КДБ.

Алесь Бяляцкі з турмы сочыць за падзеямі ў краіне

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі даслаў ліст, з якога жонка Натальля зрабіла выснову: муж у курсе асноўных падзей ў Беларусі.

«Бачна, што назірае за палітычным жыцьцём у краіне, згадвае нават, што памянялі міністра замежных спраў, быў Мартынаў, а стаў Макей. Чакае, што будзе нейкая „перазагрузка“. Але што ён мае на ўвазе, пакуль сказаць не магу. І яшчэ адзначае, што на дзіва і там, ў калёніі, яму трывала не хапае часу».

Паводле Натальлі Пінчук яе муж заняты на працы ў калёніі 6 дзён на тыдзень. Трымаюць праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў Бабруйскай калёніі. Ён адбывае тэрмін у 4,5 гады нібыта за ўтойваньне вялікіх прыбыткаў. Алесь Бяляцкі заяўляў у судзе, што атрыманыя з-за мяжы грошы ішлі на дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG