Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памірыцца адміністрацыя заводу трактарных дэталяў з Свабодным прафсаюзам?


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

31 жніўня кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў сустрэлася з кіраўніцтвам Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Нагодай для сустрэчы стаўся працяглы канфлікт адміністрацыі прадпрыемства з завадзкой суполкай Свабоднага прафсаюзу беларускага.

У ходзе дзьвюхгадзіннай гутаркі абодва бакі намагаліся знайсьці шляхі для залагоджваньня канфліктнай сытуацыі. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

«Мы гаварылі пра праблему офісу суполкі на прадпрыемстве, пра праблему допуску яе старшыні Міхаіла Кавалькова на тэрыторыю заводу і ў канчатковым выніку пра нармалізацыю адносінаў між адміністрацыяй і Свабодным прафсаюзам беларускім. Мы дамовіліся, што Кавалькоў 3 верасьня сустрэнецца з намесьнікам дырэктара Ўладзімерам Елісеенкам і яны паспрабуюць выпрацаваць пакрокавую стратэгію. Мне падалося, што мы разам зацікаўленыя, каб нашы адносіны вярнуліся ў рэчышча сацыяльнага супрацоўніцтва. Мы краналі непрыемную тэму ціску на сяброў суполкі. Я казаў пра тое, што ёсьць людзі, якія ні пры якіх умовах ня выйдуць зь незалежнага прафсаюзу, бо ідэю зьнішчыць немагчыма. У сваю чаргу кіраўніцтва заводу запэўнівала, што яны стаяць на пазыцыі, што працаўнік можа быць у любым прафсаюзе. І яны ня супраць таго, каб на прадпрыемстве быў Свабодны прафсаюз Беларускі. Спадзяюся, што такая пазыцыя й застанецца надалей».

Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

Паводле старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага Міхаіла Кавалькова, адносіны з адміністрацыяй заводу пагоршыліся ад леташняга лістапада, калі былі сабраныя подпісы працаўнікоў за падвышэньне заробкаў. Як сьцьвярджае Кавалькоў, пасьля гэтага зьявіліся праблемы з пропускам яго на прадпрыемства, на тэрыторыі якога месьцілася сядзіба суполкі. Прайсьці на завод ён ня можа дагэтуль. З офісу суполку прымусова выселілі на той падставе, што скончыўся тэрмін арэнды памяшканьня. Адміністрацыя заводу прапаноўвала прафсаюзьнікам іншае памяшканьне, адкуль, аднак, не было праходу на тэрыторыю прадпрыемства. Гэта не задаволіла прафсаюз, бо, як заяўляе Кавалькоў, ускладняе працу кіраўнічых органаў суполкі зь сябрамі прафсаюзу на самім прадпрыемстве. Міхаіл Кавалькоў і адміністрацыя прадпрыемства зьвярталіся ў суд і ў пракуратуру.
XS
SM
MD
LG