Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьбітыя люстэркі


Умовы правядзеньня выбараў у Беларусі — гэта ня толькі страчаная магчымасьць патрэбных краіне пераменаў, гэта і страчаная магчымасьць гамбурскага рахунку, вызначэньня, хто ёсьць хто ў айчыннай палітыцы. Люстэрка, ў якім і грамадзтва, і яго палітычная эліта маглі б убачыць сябе, разьбітае ўшчэнт.

Вось скажыце, якая партыя, рух, грамадзкая кампанія ў Беларусі самая моцная, самая ўплывовая? Я не пра тое, хто як на гэты конт мяркуе, а як гэта вызначыць аб’ектыўна? У краінах, якія маюць хаця б нейкія прыкметы дэмакратыі, гэта вызначаецца проста — за каго больш галасуюць, той такі і ёсьць.

Ну можа не стоадсоткава, урэшце сёньня галасуюць так, а заўтра гэтак, але лігу галасаваньне ўсё ж вызначае — партыя, якая набірае 10-15%, больш моцная і уплывовая, чым тая, якая не дацягвае да 5%. Апошняя на чыйсьці погляд можа быць больш высакароднай, адданай нацыянальным інтарэсам і г.д., але ўсе гэтыя ацэнкі мала што значаць у параўнаньні з галоўнай — лікам. Існуе шкала, герархія, незалежная ад суб’ектыўных меркаваньняў.

А што ў Беларусі? Партыя Х ва ўсіх выбарах удзельнічае, партыя У ўсе байкатуе, вынік адзін і той жа — круглы нуль месцаў ня толькі ў парлямэнце (не абцяжараным, прама скажам, паўнамоцтвамі), але і ў мясцовых саветах (не абцяжараных уладай яшчэ больш). Нуль роўны нулю.

Дык як вызначыць? Колькасьць чальцоў — матэрыя надзвычай цьмяная, вынікі сацапытаньняў шмат хто аспрэчвае, ды і не паказваюць яны істотную перавагу каго-небудзь. Таму і карыстаюцца паказьнікамі ўскоснымі, якія і паказьнікамі нават не назавеш: а вось тыя большыя мітынгі зьбіраюць, у іх больш чальцоў рэпрэсавана, а пра гэтых больш незалежныя СМІ пішуць, той з прэзыдэнтам замежным сустрэўся, а гэты — толькі з шэфам тамтэйшага дэпартамэнту МЗС, у гэтых грошай шмат (кажуць, хаця сьвечку ніхто не трымаў), а тыя — як царкоўныя мышы (але таксама пэўна ніхто ня ведае). Ну сьмешна нібыта, якое дачыненьне да пытаньня гэта ўсё мае, як колькасьць мітынгоўцаў зьвязаная са ступеньню масавай народнай падтрымкі? А што нясьмешна? Відаць, нешта кшталту: я ведаю, з кім ні размаўляю, ўсе пагалоўна за .... (патрэбнае ўпісаць).

Ну пэўная рацыя ў такім спосабе ацэнкі ёсьць, чалавек — істота гуртавая, яна па настроях часткі грамадзтва, зь якім камунікуе, робіць высновы, і часам дакладныя, пра ўсіх. Але часам і недакладныя. І прычым рэдка сустрэнеш такога знаўцу, які б казаў: я сам вось гэтых (ці гэтага) не люблю і не падтрымліваю, але ўсе вакол, на жаль, за іх (ці яго). А тое нейкім дзіўным чынам гэтыя «ўсе вакол» падзяляюць думкі, перавагі і густы знаўцы. Дык можа гэта ў яго атачэньне такое, а не грамадзтва ў цэлым такое?
Гэты эфэкт гермэтызацыі ў сваім коле яшчэ больш узмацняецца інтэрнэтам. Вось шкодная рэч. Жарт. Карысная, зразумела, але і сапраўды інтэрнэт, сацыяльныя сеткі ўзмацняюць ілюзію аднадумства. Чалавек не можа камунікаваць зь мільёнамі, бо сотні, тысяча ў інтэрактыўным рэжыме — гэта ўжо вельмі шмат, гэта натоўп. Гэта ўсе.

Тое насамрэч нікому не ў асуджэньне. Як той казаў, не мы такія — жыцьцё такое. У палітычнай сфэры гэта асабліва яскрава праяўляецца. Калі «палітык у краіне толькі адзіны», то як можна ацаніць астатніх, якія прэтэндуюць на гэтае званьне?
Але рэжым — гэта ў пэўнай ступені і індульгенцыя. Калі люстэркі разьбітыя ўшчэнт, то чаму б і не лічыць сябе самым прыгожым і прыцягальным, балазе і «ўсе навокал» з гэтым абсалютна згодныя? А што гэтая прыгажосьць не мае нейкага аб’ектыўнага пацьверджаньня, ну дык рэжым жа. Хіба не?

Гэта ўсё да чаго? Да таго, што свабода прынясе шмат нечаканасьцяў. Дэмакратыя — капіталізм у палітыцы. З дакладным вымярэньнем коштаў і вартасьці: грашыма — на рынку, клікамі — ў інтэрнэце, галасамі — на выбарах. І нікому ж не паскардзісься тады, што дурань-спажывец ня тое купляе, не на тое клікае і не за тых галасуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG