Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беразоўскі прайграў Абрамовічу


Раман Абрамовіч і Барыс Беразоўскі
Раман Абрамовіч і Барыс Беразоўскі

Такое рашэньне прыняў сёньня лёнданскі Высокі суд паводле пазову, пададзенага самім Беразоўскім яшчэ ў 2007 годзе.

Беразоўскі патрабаваў у пазове да Абрамовіча выплаціць яму 5,5 мільярда даляраў у якасьці кампэнсацыі за прададзеныя па заніжаным кошце акцыі нафтавай кампаніі «Сибнефть», алюмініевага канцэрну «Русал» і тэлекампаніі ОРТ. Беразоўскі абвінаваціў Абрамовіча ў тым, што той з дапамогай шантажу і пагроз, выступаючы ў якасьці агента расейскіх уладаў, вымусіў яго гэта зрабіць. Па словах Беразоўскага, у выпадку адмовы Абрамовіч пагражаў яму, што яго актывы ў Расеі будуць экспрапрыяваныя, а сам ён зазнае рэпрэсіяў.

Судзьдзя Элізабэт Глостэр, якая выносіла пастанову, падкрэсьліла, што пры аналізе паказаньняў палічыла паказаньні Барыса Беразоўскага «нявартымі даверу», а Абрамовіча — праўдзівымі.

Лёнданскі судовы працэс «Беразоўскі супраць Абрамовіча» быў найбуйнейшай і самай дарагой цяжбай ў гісторыі брытанскага правасудзьдзя — судовыя выдаткі па ёй могуць скласьці больш за 100 мільёнаў даляраў. Мяркуецца, што судовыя выдаткі павінен аплаціць прайгралы бок. На думку брытанскіх экспэртаў, рашэньне па пазове Бярозаўскага да Абрамовіча можа стаць прэцэдэнтам і зрабіць уплыў на цэлую сэрыю маючых адбыцца ў Лёндане судовых працэсаў з удзелам расейскіх алігархаў.

Беразоўскі з 2001 года жыве ў Вялікабрытаніі, якая дала яму прытулак. Расейская юстыцыя абвінавачвае Беразоўскага ў розных эканамічных злачынствах, аднак брытанскія ўлады адмаўляюцца выдаць яго Расеі.

Сьляды і сувязі Беразоўскага ў Беларусі выявіліся ў сувязі са скандалам вакол спадчыны памерлага грузінскага алігарха і яго былога кампаньёна Бадры Патаркацышвілі. Тады ў Менску быў арыштаваны, а пазьней асуджаны па надуманых артыкулах адвакат сям’і Патаркацышвілі Эмануіл Зэльцэр. Зэльцэр сьведчыў, што Беразоўскі прыяжджаў да яго ў ізалятар КДБ, а таксама прысутнічаў у менскім судзе. Зэльцэр быў зьдзіўлены, што Беразоўскага ў Беларусі не арыштавалі і што ён тут меў «статус недатыкальнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG