Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: чаму ў апазыцыйных кандыдатаў няма ўлётак


Агітацыйны стэнд у Менску

Агітацыйны стэнд у Менску

Мінуў першы тыдзень агітацыйнай кампаніі. Больш заўважнымі ў гэты час былі каманды кандыдатаў ад улады. А ў большасьці апазыцыйных кандыдатаў пакуль няма ўлётак.

Першыя плякаты і ўлёткі, якія зьявіліся на перадвыбарчых стэндах, належаць кандыдатам, вылучаным ад улады. За іх ужо агітуюць давераныя асобы, распытваюць пра просьбы і пажаданьні людзей да сваіх кандыдатаў.

Апазыцыйныя кандыдаты пакуль што толькі пачынаюць агітацыйную кампанію, прычым амаль ні ў кога яшчэ няма ўлётак, зь якімі можна пайсьці да выбарцаў.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў сваёй Старавіленскай акрузе пакуль правёў толькі адзін стыхійны перадвыбарчы мітынг. Сабраць людзей у выдзеленыя ўладамі памяшканьні нерэальна, кажа спадар Лябедзька. Першы падобны перадвыбарчы сход яго партыя зьбіраецца правесьці 5 верасьня ў Салігорску. Анатоль Лябедзька прызнае, што АГП робіць стаўку на інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, а вось перадвыбарчых улётак пакуль няма ні ў яго, ні ў іншых кандыдатаў ад партыі.

Прычына ў тым, што АГП адмаўляецца выкарыстоўваць грошы, якія выдзяляюцца зь бюджэту на публікацыю перадвыбарчай прадукцыі (5 мільёнаў на кандыдата), каб потым, пасьля зьняцьця з выбараў, іх ня трэба было вяртаць. Улёткі актывісты партыі зьбіраюцца друкаваць за кошт ахвяраваньняў на дабрачынныя рахункі, аднак з-за розных бюракратычных фармальнасьцяў у акруговых камісіях і аддзяленьнях банкаў адкрыць гэтыя рахункі ўдалося толькі днямі, кажа спадар Лябедзька:

«23-га была рэгістрацыя, я зьвязаўся з камісіяй, яны сказалі: не, мы нічога ня ведаем, толькі на наступным тыдні... У нас раней за іншых адкрылі рахункі толькі Малочка ў Салігорску і Шанцаў у Магілёве. Літаральна дзень павіселі нашыя аб’явы, і можна сёньня ў канцы дня будзе пацікавіцца, ці капнула там што».

Улёткі ў кандыдатаў ад АГП будуць амаль аднолькавыя. Галоўны зьмест іх будзе наступны, кажа спадар Лябедзька:

«Сыстэма, якую стварыў Лукашэнка, — гэта тупік, выхад з тупіку — гэта сумленныя выбары. Першы крок да сумленных выбараў — няўдзел у несумленных выбарах. Не хадзіце, не галасуйце, тлумачце людзям, суседзям і блізкім, чаму гэтага ня трэба рабіць. Прымусілі — прагаласуйце супраць усіх».

У Партыі БНФ кандыдаты таксама не бяруць 5 мільёнаў бюджэтных грошай на агітацыю. Адкрыцьцё ж дабрачынных рахункаў зацягнулася і ў іх. У прыватнасьці, у лідэра партыі Аляксея Янукевіча, які балятуецца ў менскай Чыжоўцы, да сёньня такі рахунак яшчэ ня быў адкрыты. Адпаведна, і ўлётак няма, кажа ён:

«Маіх асабістых улётак мы яшчэ не надрукавалі. Я спадзяюся, што яны будуць гатовыя на гэтых выходных».

Спадар Янукевіч пачаў кампанію пакуль што без друкаванай прадукцыі:

«Так, ужо пасьля запісу на тэлебачаньні мы хадзілі па кватэрах, я асабіста хадзіў, размаўляў зь людзьмі, прапаноўваў партыйныя матэрыялы, якія ёсьць у наяўнасьці. Таму што, па вялікім рахунку, тут ня йдзе гаворка пра тое, які я добры кандыдат асабіста, а трэба распавесьці пра пазыцыю партыі БНФ. І наяўныя матэрыялы дазваляюць гэта рабіць».

Паводле спадара Янукевіча, у агітацыйнай кампаніі актыўна бярэ ўдзел палова кандыдатаў ад БНФ. З гэтых выходных да іх далучыцца і другая палова.

У адрозьненьне ад БНФ і АГП, кандыдаты Партыі левых «Справядлівы сьвет» не адмаўляюцца ад бюджэтных 5 мільёнаў на друкаваную прадукцыю. Але вынік той жа: пакуль гэтай прадукцыі ў іх таксама няма.

Адзін зь лідэраў партыі Валеры Ўхналёў у пятніцу рыхтаваў дамовы з друкарнямі. Ён спадзяецца, што плякаты і ўлёткі зьявяцца на пачатку наступнага тыдня:

«Я скажу, што мы асабліва не сьпяшаемся. З улікам таго, што гэта не такія вялікія наклады, то лепей іх раскідваць бліжэй да даты выбараў. Я скажу шчыра: мы тут ня бачым праблемы. З наступнага тыдня мы пачнём пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі. Тры тыдні — зусім дастаткова, я лічу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG