Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суполкі аднаўляюцца пасьля налёту спэцслужбаў


Будынак КДБ у Менску

Будынак КДБ у Менску

У выніку налёту на мадэратараў апазыцыйных сацыяльных сетак, учыненага спэцслужбамі 30 жніўня, арыштавалі дваіх: Паўла Еўціхеева — на 5 сутак і Андрэя Ткачова — на 7 сутак. Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Усяго былі затрыманыя чацьвёра мадэратараў, аднаму ўдалося ўцячы.

Затрыманых Паўла Еўціхеева і Андрэя Ткачова абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі аднаго на 5 сутак арышту, другога на 7 сутак. Рамана Пратасевіча зь Менску, мадэратара суполкі «Стоп Лука», і Алега Шрамука зь Віцебску, мадэратара суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка», пасьля праведзеных супрацоўнікамі КДБ допытаў адпусьцілі. Cяргею Бяспалаву, якога папярэдзілі сябры, удалося ўцячы і пазьбегнуць затрыманьня. Ён паведаміў, што знаходзіцца ў бясьпечным месцы ў Расеі і папрасіў КДБ яго не шукаць, бо пакуль не плянуе вяртацца ў Беларусь. Як распавёў Зьміцер Дашкевіч зь Віцебску, Алег Шрамук адразу пасьля вызваленьня таксама зьехаў за межы Беларусі. Тым часам суполкі, на якія быў учынены напад, пачалі аднаўляць сваю працу ў інтэрнэце, распавёў адзін з адміністратараў апазыцыйных суполак «Вконтакте» Максім Чарняўскі:

«Мы ўжо стварылі новую суполку „Надакучыў нам гэты Лукашэнка“. У яе ўступіла амаль дзьве тысячы чалавек. Цяпер я стваральнік і я адзін адміністратар, таму суполку можна зьнішчыць, толькі дабраўшыся да мяне — а я ў Варшаве, альбо зь непасрэднай дапамогай адміністрацыі „Вконтакте“. Таксама нам удалося аднавіць доступ да суполкі „Ляпіс Трубяцкой — бясплатны канцэрт у Менску“, дзе 45 тысяч удзельнікаў. Зараз яна ў нас пад кантролем».

Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч сказаў карэспандэнту «Свабоды», што ў яго няма ніякай інфармацыі адносна перасьледу адміністратараў апазыцыйных суполак.

17-гадовы Раман Пратасевіч распавёў «Свабодзе» падрабязнасьці ўчорашняга затрыманьня супрацоўнікамі КДБ, падчас якога хлопца білі:

«Я выходзіў з-за рога, і на мяне налятаюць міліцыянты і запакоўваюць у бусік. Потым перасадзілі ў іншую машыну, на якой прывезьлі ў РУУС. Патрабавалі паролі, патрабавалі пацьвердзіць, што я зьяўляюся адміністратарам суполкі «Стоп Лука». Было два чэкісты і некалькі міліцыянтаў. Яны крычалі, лаяліся на мяне, абражалі, пагражалі шмат чым, некалькі разоў ударылі. Потым зайшлі і сказалі, што я магу, як яны сказалі, «звальваць на фіг».

Паводле Рамана, у суполцы было 37 тысяч удзельнікаў. Цяпер пачынаецца яе аднаўленьне.

«На момант яе выдаленьня гэта была самая актыўная суполка вальнадумцаў. Назва гаворыць сама за сябе. Тое, што ўчора адбылося, азначае, што мы на правільным шляху, калі гэта так нэрвуе рэжым. І, вядома, на гэтым ня будзем спыняцца».
XS
SM
MD
LG