Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнешні доўг Беларусі ад пачатку году павялічыўся


Зьнешні доўг Беларусі паводле стану на 1 жніўня 2012 году склаў 11 мільярдаў 951,7 мільёна даляраў.

Ад пачатку году ён павялічыўся на 1,3%.

Згодна з законам аб бюджэце краіны на 2012 год? ліміт зьнешняга доўгу ня можа перавышаць 14,3 мільярда даляраў, перадае Інтэрфакс.

Заіка: «Кожны беларус ужо завінаваціўся 3500 даляраў»

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка засяроджвае ўвагу на тым, што дзяржаўны доўг — гэта далёка ня ўвесь зьнешні доўг Беларусі:

«Справа ў тым, што ўвесь доўг распадаецца на дзяржаўны, то бок тыя грошы, якія афіцыйна браў урад, і доўг прыватны. Калі скласьці гэта разам, то будзе дзесьці пад 35 мільярдаў даляраў. З пункту гледжаньня вяртаньня грошай тут розьніцы амаль няма, паколькі пад выглядам прыватнікаў крэдыты вельмі часта бралі дзяржаўныя прадпрыемствы.

Для краіны важная ўся сума запазычанасьці. Уся сума ў сукупнасьці аказвае ўплыў на фінансавыя патокі і на абменны курс. Гэта вельмі сур’ёзны паказьнік. Атрымліваецца, што ў нас сярэдні доўг ужо дасягнуў трох з паловай тысяч даляраў на чалавека. Няхай людзі над гэтым задумаюцца».
Прэйгерман: «Праблема не ў ліміце, а ў тым, дзе ўзяць пазыкі»

Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген лічыць, што найбольш актуальным у гэтым пытаньні для беларускіх уладаў выглядае, дзе яны могуць ўзяць новыя крэдыты:

«Хутчэй за ўсё, ва ўладаў ужо ёсьць патрэба ў новых пазыках. Прынамсі, напрыканцы гэтага году яна, я думаю, будзе дакладна. Але ж пакуль акрамя 440 мільёнаў наступнага траншу з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС іншых нейкіх крыніцаў няма. Хаця, калі Лукашэнка размаўляў з Аліевым за зачыненымі дзьвярыма, я думаю, што адна з тэмаў у іх была і магчымасьць атрыманьня Беларусьсю новых азэрбайджанскіх крэдытаў.

Напрыканцы гэтага году альбо на пачатку наступнага ўзьнікне дастаткова сур’ёзная падстава разважаць пра тое, каб выходзіць на супрацоўніцтва з МВФ у пошуках новых пазыкаў. Мы бачым, што ліміт зьнешняга доўгу яшчэ дазваляе браць новыя пазыкі. І праблема не ў тым, ці пераходзіць гэты бар’ер ці не? Праблема ў тым, што ніхто асабліва ня хоча даваць грошы беларускаму боку».
XS
SM
MD
LG