Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міт Ромні афіцыйна стаў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША


Міт Ромні і Пол Раян (зьлева) віншуюць адзін аднаго на зьезьдзе партыі

Міт Ромні і Пол Раян (зьлева) віншуюць адзін аднаго на зьезьдзе партыі

У Флорыдзе 30 жніўня завяршыўся зьезд Рэспубліканскай партыі, на якім Міт Ромні і Пол Раян былі афіцыйна зацьверджаныя кандыдатамі ў прэзыдэнты і віцэ-прэзыдэнты Злучаных Штатаў.

На выбарах у лістападзе яны будуць змагацца з прэзыдэнтам Баракам Абамам і віцэ-прэзідэнтам Джо Байдэнам.

Міт Ромні фармальна пацьвердзіў сваю згоду стаць кандыдатам і паабяцаў амэрыканцам, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам ён зоймецца аздараўленьнем эканомікі краіны.

Гаворачы пра цяперашняга прэзыдэнта ЗША Барака Абаму, Ромні сказаў, што чатыры гады таму той выступаў з грандыёзнымі абяцаньнямі, якія ня спраўдзіліся:

«Прэзыдэнт Абама абяцаў спыніць уздым узроўню сусьветнага акіяну і вылечыць плянэту. Я абяцаю дапамагчы вам і вашым сем’ям».

Ромні заявіў, што яго эканамічны плян разьлічаны на стварэньне ў Злучаных Штатах 12-ці мільёнаў новых працоўных месцаў. Ажыцьцявіць гэты плян ён мяркуе за кошт такіх захадаў, як дасягненьне поўнай энэргетычнай незалежнасьці Паўночнай Амэрыкі, удасканаленьне сыстэмы адукацыі, заключэньне новых гандлёвых пагадненьняў, скарачэньне дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту і заахвочваньне росту малога бізнесу шляхам зьніжэньня ўзроўню падаткаабкладаньня.

Гаворачы пра замежную палітыку, Міт Ромні сказаў, што яна будзе грунтавацца на амэрыканскіх ідэалах дэмакратыі. Ён адзначыў:

«Свабодны свет — значыць бясьпечны сьвет. Гэта спадчына, якую ў зьнешняй палітыцы нам пакінулі прэзыдэнты Труман і Рэйган. Калі прэзыдэнтам стану я, то мы вернемся да гэтых прынцыпаў».

Гаворачы аб адносінах з Расеяй, Ромні нагадаў пра тое, што прэзыдэнт Абама аднойчы папрасіў перадаць Уладзімеру Пуціну, каб той пачакаў да заканчэньня выбараў у ЗША, і тады ён, Абама, зможа праявіць вялікую гнуткасьць. «Калі прэзыдэнтам буду я, спадар Пуцін убачыць крыху менш гнуткасьці, але значна больш цьвёрдасьці» — заявіў Міт Ромні.



Нечаканасьцю для дэлегатаў зьезду Рэспубліканскай партыі ў Флорыдзе стала зьяўленьне на трыбуне галівудзкай зоркі, знакамітага актора і кінарэжысэра Клінта Іствуда. 82-гадовы Іствуд разыграў дыялёг зь нібыта прысутным на сцэне прэзыдэнтам Абамам, прапанаваўшы яму саступіць месца ў Белым доме Міту Ромні.

«Палітыкі працуюць на нас, і праз кожныя тры-чатыры гады яны прыходзяць да нас і просяць нашых галасоў — гэта старая песенька. Але нам ня трэба ніколі забывацца, што, калі яны не выконваюць сваёй працы, мы можам іх звольніць», — сказаў Іствуд.
XS
SM
MD
LG