Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць навабранца ў Віцебску: дзедаўшчына ці самагубства?


Яўген Рудак
Яўген Рудак

26 жніўня 2012 года ў 103-паветрана-дэсантнай дывізіі загінуў 22-гадовы навабранец Рудак Яўген Аляксандравіч. Сваякі ня вераць у вэрсію самагубства, зьвярнуліся да сьледчых і да інтэрнэт-аўдыторыі па дапамогу.

Родным патлумачылі, што салдат павесіўся ў блёку, дзе вядзецца рамонт, у прыбіральні, прычым для таго, каб туды трапіць, трэба прайсьці праз днявальнага, які нічога «ня бачыў» і не заўважыў адсутнасьці салдата. Яўген Рудак пасьпеў адслужыць трошкі больш за 3 месяцы.

Стрыечная сястра навабранца Вікторыя Мамулашвілі напісала на сваёй старонцы вКонтакте:

«Усё абыгралі як суіцыд. Родным паведамілі, што хлопец павесіўся з-за таго, што яго не адпусьцілі ў звальненьне. Абыгралі ўсё пісьменна, падключылі псыхолягаў, якія зрабілі заключэньне, што хлопец быў замкнёны і схільны да самазабойства».

Цётка загінулага Ніна Мамулашвілі ня верыць у вэрсію самагубства. У інтэрвію Радыё Свабода яна заявіла:

«Мы былі ў шоку. Я стала аглядаць дзіцё, калі яго прывезьлі. Лоб зьбіты, на скронях — драпіны. Зьлева на галаве бачныя сьляды ўдару, ці то па твары, ці па вушах. Відаць адбіткі пальцаў. Калі б ён павесіўся, былі б іншыя сьляды, ад удушэньня».

Яўген Рудак
Яўген Рудак
Паводле Ніны Мамулашвілі, сапраўднай прычынай магла б быць дзедаўшчына.

«Думаем, што гэта дзедаўшчына, ці проста вырашылі правучыць. У гэты дзень ён адпрошваўся ў звальненьне. Яго ўнесьлі ў сьпіс, а потым выкрэсьлілі. Ён пайшоў разьбірацца. Яму сказалі, маўляў, моладзь абурэла. Ён пазваніў па тэлефоне сябру, сябра задае пытаньне, чаму ты так цяжка размаўляеш, і Яўген яму кажа, маўляў, мяне толькі што ў чатырох „адкаталі“. І іншы сябра пацьвярджае».

Сваякі лічаць, што вайскоўцы вырашылі схаваць справу, і прымусілі іншых салдатаў даць фальшывыя тлумачэньні:

«Ім нехта дыктаваў, тэкст адзін і той жа, пераставілі месцамі сказы. Яны напісалі, што Жэня быў замкнуты і не камунікабельны, каб схаваць самазабосйтва. Я не магу паверыць у гэта! Пачытайце яго сьцяну вКонтакте. Усе пішуць, што ён вясёлы».

Сваякі зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт.

Іна Гарбачова, прадстаўніца Сьледчага Камітэту па Віцебскай вобласьці паведаміла Радыё Свабода:

«27 жніўня Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 145 „Давядзеньне да самагубства“. Праводзіцца сьледзтва».

Сваякі чакаюць афіцыйнага заключэньня судмэдэкспэртызы.


Таксама сёньня, як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, падчас правядзеньня плянавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы ў выніку неасьцярожнага абыходжаньня са зброяй атрымаў раненьне, несумяшчальнае з жыцьцём, вайсковец тэрміновай ваеннай службы сілаў спэцыяльных апэрацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG