Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Чэхіі можа стаць чалавек з татуіроўкамі на твары


Уладзімір Франц
Уладзімір Франц
Мастак і кампазытар, прафэсар тэатральнага факультэту Акадэміі музычных мастацтваў у Празе Уладзімір Франц зьяўляецца самым неардынарным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Чэхіі. Перш за ўсё дзякуючы свайму выгляду — Франц пакрыты татуажам, у тым ліку і на твары, і праз гэта перадусім стаў вядомы за межамі Чэхіі, — паведамляе «Праскі экспрэс».

Ініцыятыўная група, якая вылучыла кандыдатуру Франца, лічыць, што ў выпадку ягонай перамогі пра Чэхію будзе ведаць увесь сьвет. «Ужо прадчуваю сумесныя фатаграфіі Франца з Пуціным, Абамам і Мэркель», — гаворыць сябра ініцыятыўнай групы, прадусар Пэтар Вахлер. Ініцыятыўная група паўстала ў «Фэйсбуку» бяз ведама Франца, але пазьней ён яе падтрымаў.

Уладзімір Франц бачыць у сабе аб’яднальніка чэскіх палітыкаў. 28 жніўня ён паставіў подпісы ў падтрымку 12 кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх ён лічыць дэмакратамі, і заклікаў усіх грамадзянаў зрабіць тое ж самае. «Усе павінны мець роўныя шанцы ля стартавай лініі», — лічыць Франц.

Па законе кандыдат павінен сабраць 50 тысяч подпісаў, на цяперашні момант гэтым могуць пахваліцца толькі Мілаш Зэман і Ян Фішэр.

Што да свайго выгляду, то Франц лічыць гэта пытаньнем талерантнасьці. «Я дабраахвотна выбраў такі колер скуры», — заявіў ён. Па некаторых зьвестках, Франц зьяўляецца самым татуіраваным чалавекам у Чэхіі. Ён ня раз казаў, што ўспрымае сябе як палітыка цалкам сур’ёзна, але некаторыя замежныя мэдыі, напрыклад, польскі сайт TOK FM усумніўся ў гэтым і ўбачыў у Францу «правакацыю ці медыйнае махлярства».

Афіцыйны старт Францавай прэзыдэнцкай кампаніі — 31 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG