Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску чакаюць суду над Арынічам


Ларан Арыніч
Ларан Арыніч
Рабочыя «Пінскдрэву» актыўна абмяркоўваюць затрыманьне былога гендырэктара Ларана Арыніча ў Польшчы. Многія лічаць, што гэта — справядлівы крок польскіх уладаў. Некаторыя пацярпелыя падчас выбуху 2010 году лечацца дагэтуль. Цяпер яны чакаюць суду над былым кіраўніком прадпрыемства.

Пасьля выбуху на «Пінскдрэве» рабочы Алег Сьмірноў стаў інвалідам другой групы. Ён дабіваўся большай кампэнсацыі ад прадпрыемства і дайшоў да Вярхоўнага суду:

«Вярхоўны суд быў. У пляне маральнай шкоды павялічылі кампэнсацыю ў два разы. А ў пляне пакараньняў пакінулі ўсё бязь зьменаў… Другая група, яна і застаецца другой групай… Апэрацыі яшчэ будуць на твары. І не адна яшчэ…»

Алег Сьмірноў кажа, што ў Пінску пра затрыманьне Ларана Арыніча ўжо ведаюць і чакаюць яго экстрадыцыі ў Беларусь для суду:

«Учора ўвечары даведаліся. Пра нешта гаварыць яшчэ рана. Але я думаю, што гэта, вядома, добра. Чалавек павінен адказваць за свае ўчынкі».

Рабочы «Пінскдрэву», які папрасіў не называць ягонага імя, лічыць, што менавіта былы генэральны дырэктар павінен несьці асноўнае пакараньне:

«У той час, гледзячы па паводзінах кіраўніцтва „Пінскдрэў-ДСП“, было відаць, што зь нейкімі праблемамі да яго было не падысьці нават… Прычына ў эканоміі грошай ці ў чым, я ня ведаю. Усё гэта кіпела ўнутры гэтага заводу, унутры катла… Таму я лічу, што на ім усё вісіць… Тут і размоваў быць ня можа».

Пры гэтым рабочы лічыць, што няшчасныя выпадкі могуць здарацца на «Пінскдрэве» пры любым начальстве:

«Тое, што тут адбываецца, на „Пінскдрэве“, — адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца… Гэта, скажам так, логава д’ябла… Тут усё насычана духам д’ябла. Я ня зьвязваю гэта зь нейкім чалавекам, абазначаю толькі тэрыторыю. Калі на „Адрыяне“ адарвала пальцы непаўналетняму, які там і блізка не павінен быў знаходзіцца…»

Тым ня меней, кажа працаўнік, у Пінску чакаюць суду над Ларанам Арынічам.

Выбух на заводзе ДСП «Пінскдрэў» здарыўся 25 кастрычніка 2010 году. Двое рабочых загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся інвалідамі.

Па выніках суду трое прадстаўнікоў адміністрацыі заводу былі асуджаныя на 3–4 гады пазбаўленьня волі і ўмоўны тэрмін. Былы гендырэктар прадпрыемства Ларан Арыніч пазьбег пакараньня. Падчас сьледзтва ён уцёк за мяжу.

29 жніўня 2012 году зьявілася інфармацыя пра затрыманьне Ларана Арыніча ў Польшчы па лініі Інтэрполу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG