Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія дарогі прызналі аднымі з найгоршых у сьвеце. Беларускія — на 67 месцы са 148-мі


Аўтадарога на Львоўшчыне

Аўтадарога на Львоўшчыне

Украіна заняла 133-е месца ў рэйтынгу амэрыканскіх дасьледчыкаў, якія апыталі кіроўцаў паўтары сотні краінаў сьвету, ці задаволеныя тыя сваімі дарогамі.

Як піша агенцтва УНІАН, украінскія дарогі аказаліся горш за расійскія. Задаволенымі былі толькі крыху больш за чвэрць украінскіх кіроўцаў. Ззаду Украіны апынуліся толькі афрыканскія дзяржавы, Малдова і Манголія. Расея вышэй на пяць пунктаў (128).

Беларусь аказалася на 67 месца — г. зн., увайшла ў першую палову сьпісу.

Ва «Ўкравтодоры» прызнаюць, што ў суседняй Беларусі фінансаваньне на кілямэтар шляху ўтрая больш, чым ва Ўкраіне. А на тое, каб адрамантаваць усе ўкраінскія дарогі такімі тэмпамі, як цяпер, спатрэбіцца ня менш за 85 гадоў.

А пакуль, піша УНІАН, праехаўшыся па некаторых дарогах Украіны, можна адразу ехаць на СТА — рамантаваць аўтамабіль. Так, на адной з дарог Мікалаева трэба ехаць з хуткасьцю ня больш за 35 кілямэтраў у гадзіну, каб машына засталася спраўнай. «Хадавая забіваецца цалкам. Добра, калі людзі прыяжджаюць сваім ходам пасьля гэтага участка дарогі. Пераважна іх прывозяць эвакуатарамі», — распавёў уладальнік мясцовай СТА Аляксей Духоўны. Дарогу будавалі з парушэньнем — замест трох слаёў асфальту паклалі адзін. Гэтым летам выдзелілі грошы на рамонт паловы з васьмідзесяці пабітых кілямэтраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG