Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цэнзура як наступства страху перад байкотам


Андрэй Разьнічэнка

Андрэй Разьнічэнка

Замест выступаў некаторых апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовыя тэлестудыі трансьлююць музыку ці не зьвязаныя з выбарамі сюжэты. Чаму так адбываецца? Хто ўвёў цэнзуру перадвыбарчых зваротаў?

На Віцебшчыне сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Разьнічэнка, які балятуецца па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе № 20, высьвятляе, зь якіх прычын ягоны выступ па тэлевізіі ня выйшаў у эфір. Тэлезварот да выбарцаў павінны былі паказаць 28 жніўня. Кандыдата ў дэпутаты нават не папярэдзілі, што сюжэт зьнялі з эфіру.

Сёньня Андрэй Разьнічэнка накіраваўся ў тэлерадыёкампанію «Віцебск», якая рабіла запіс. Паводле актывіста, прычыны забароны тэлевыступу яму тлумачыў рэдактар Юры Давідоўскі:

«Ён сказаў: „Так-так-так! Разьнічэнка, АГП, вас зьнялі з эфіру паводле рашэньня ЦВК у Менску“. Я двойчы ці тройчы перапытаў: „Яны там самі глядзелі тэлевыступ?“ Мне сказалі, што самі».

Андрэю Разьнічэнку нават паказалі паперу, дасланую з ЦВК. Але сярод артыкулаў і тлумачэньняў пра недапушчальнасьць згадак пра байкот і крытыкі дзейнай улады актывіст ня ўбачыў свайго прозьвішча:

Віцебск

«Там майго прозьвішча няма, у гэтай паперчыне. Яна агульнага характару. Што нібыта на выбарах дазваляецца агітацыя „за“, а тут вэктар, скажам так, супрацьлеглага кірунку — супраць. І я сказаў, каб мне далі дакумэнт, на падставе чаго мяне зьнялі з эфіру. Менавіта мяне! Не агульны дакумэнт, а з маім прозьвішчам!»

Зразумеўшы, што апанэнт трапіўся настойлівы, супрацоўнік тэлерадыёкампаніі мусіў прызнаць, што рашэньне пра выступ спадара Разьнічэнкі прымалі ў Віцебску. І што ягоны выступ зьнялі з эфіру на загад кіраўніка тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Анатоля Камовіча.

Андрэй Разьнічэнка зноў запатрабаваў афіцыйны дакумэнт пра гэта. Бо ён зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру і ў Цэнтравыбаркам.

Зрэшты, усе ранейшыя скаргі зь Віцебску ЦВК пакінуў без задавальненьня. На пасяджэньні 28 жніўня былі адхіленыя ўсе скаргі на нерэгістрацыю ад патэнцыйных віцебскіх кандыдатаў.

Шасьцёра прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах спрабавалі аспрэчыць рашэньні акруговых выбарчых камісіяў — і ўсе шасьцёра атрымалі адмовы.


Гомель

На Гомельшчыне першым у эфір на тэлеканале «Беларусь-2» не пусьцілі перадвыбарчы выступ кандыдата ў дэпутаты, старшыні рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова.

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў меўся зьвярнуцца да выбарцаў на тэлеканале «Беларусь-2» 28 жніўня а 19:25. Але адведзены кандыдату ад апазыцыі час запоўнілі тэлезамалёўкай пра добраўпарадкаваньне прамысловымі прадпрыемствамі Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі № 34, у якой партыйным пратаколам вылучаны Васіль Палякоў:

«Тут, безумоўна, спрацавала цэнзура, таму што ў маім выступе няма ніякага парушэньня Выбарчага кодэксу. Праблема толькі ў тым, што ўлады палохаюцца заклікаў да байкоту. Людзі і без таго ведаюць, што ўяўляе сабой так званы парлямэнт і так званыя выбары. А тут яшчэ апазыцыянэры заклікаюць з экранаў тэлевізараў да таго, каб ня бралі ўдзелу ў псэўдавыбарах».

Кандыдат Палякоў зьбіраецца аспрэчыць забарону на тэлевыступ, высьветліўшы, хто распарадзіўся не пускаць выступ у эфір — акруговая камісія, мясцовыя ўлады ці назіральная рада пры Цэнтравыбаркаме, якая прымала адмысловае рашэньне забараніць трансьляцыю выступаў некаторых кандыдатаў у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Прозьвішча Палякова там не было:
Дзяржава не павінна абслугоўваць інтарэсы групы людзей, якія прыйшлі да ўлады й незаконна ўтрымліваюць гэтую ўладу

«У Канстытуцыі запісана наконт плюралізму думак і адсутнасьці манаполіі, у тым ліку дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. І казаць, што за дзяржаўныя сродкі нельга заклікаць да байкоту, — гэта абсурд. Ёсьць права заклікаць да байкоту, выказваць сваё меркаваньне, і дзяржава, наадварот, павінна роўнасьць гэтых правоў адстойваць і прадугледжваць. А тут адбываецца падмена паняцьцяў. Атрымліваецца, што частка людзей, якія сталі чыноўнікамі, займаюць высокія пасады — яны дзяржава, іх крытыкаваць нельга. І тады атрымліваецца, што за іхнія сродкі іх крытыкуюць. Гэта ня іх сродкі. Дзяржава не павінна абслугоўваць інтарэсы групы людзей, якія прыйшлі да ўлады й незаконна ўтрымліваюць гэтую ўладу».

«Каб такія выбары адбыліся, людзям трэба паважаць сябе й ня ўдзельнічаць у гэтым шоў. Першы крок — не пайсьці на выбары, другі крок — узяць удзел у назіраньні, адкрыта аб’ядноўваць намаганьні й заяўляць пра тое, што не зьбіраюцца быць удзельнікамі псэўдавыбараў і ня хочуць, каб дэпутатаў прызначалі, прызначалі чыноўнікаў і прэзыдэнта».


Менск

Сёньня ў Менску ў офісе АГП адбыўся брыфінг старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі «Цэнзура як інструмэнт барацьбы з кандыдатамі ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі». У эксклюзіўным інтэрвію для «Свабоды» Анатоль Лябедзька заявіў:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Такой выбарчай кампаніі ня памятае ніхто. Папярэднія парлямэнцкія кампаніі ня мелі такога размаху цэнзуры і тым больш нявыхаду ў эфір зарэгістраваных кандыдатаў. Мы маем на сёньняшні дзень ужо 10 выпадкаў, калі нашых сьпікераў не пусьцілі ў эфір альбо ім заявілі, што іх выступы ня выйдуць — гэта 7 на тэлевізіі і 3 на радыё… Замест іхніх выступаў запускаюць, да прыкладу, віды Бабруйску альбо палянэз ці «Белавескую пушчу»… Гэта ўжо патыхае, скажам, «Лебядзіным возерам» з гісторыі савецкіх часоў…

Таму мы сёньня прынялі некалькі дакумэнтаў. Першы зь іх: мы не адмаўляемся ад стратэгіі АГП. Мы вытрымліваем усе кампанэнты кампаніі «За справядлівыя выбары без Лукашэнкі». Гэта азначае, што мы ня будзем карэктаваць выступы нашых сьпікераў і ня будзем падстройвацца пад гэтую наглаватую й цынічную ўладу.

Мы сёньня зьвярнуліся з адкрытым лістом да Лукашэнкі. Там некалькі пасылаў. Аднак чаму да Лукашэнкі? Ну не зьвяртацца ж да Ярмошынай усім 34-м сьпікерам ад АГП…Ярмошына — выканаўца, а сцэнар піша Лукашэнка й яго найбліжэйшае атачэньне.

Мы прапануем, першае: адправіць Ярмошыну на адпачынак. Яна яго заслужыла, бо ніводная кампанія, якую яна праводзіла, не была прызнаная адпаведнай стандартам АБСЭ. І каб яна не займалася жангляваньнем лічбамі.
Мы прапануем адправіць Ярмошыну на адпачынак

Па-другое, мы прапануем і патрабуем, каб не ўжываліся дваістыя стандарты. Таму што ў 1995-м Лукашэнка асабіста заяўляў, што ня пойдзе на выбары, і заклікаў да гэтага іншых. Чаму ў 2012-м мы ня можам яго працытаваць? Нам гэта забараняюць. Хаця Канстытуцыя на нашым баку.

Мы таксама падалі сыгнал SOS мас-мэдыям — незалежным, напалову дзяржаўным і г.д. — усім. Таму што тыя людзі, якія пайшлі ў кампанію «За свабодныя выбары без Лукашэнкі», хто стаў сьпікерам ад АГП — яны прынялі агонь на сябе. Мы прагназуем, што будуць вялізарныя праблемы ў многіх зь іх. Яны — мужныя людзі! І вельмі важна, каб тое, што трапіла пад цэнзуру, што ня выйшла ў эфір, дайшло да людзей праз Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Эўрапейскае Радыё, тэлеканал «Белсат», праз інтэрнэт-рэсурсы «Хартыя», «Белпартызан», АГП, «Нашу Ніву», «Народную Волю», Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы… Мы зьвяртаемся да ўсіх (прабачце, калі каго не назваў) менавіта з тым, каб яны зрабілі ўсё, каб гэтыя выступы дайшлі да выбарцаў. Мы былі б вельмі ўдзячныя.

І трэці дакумэнт. Мы падтрымалі ініцыятыву пяці кандыдатаў у дэпутаты з Гарадзеншчыны. Зь іх чатыры кандыдаты ад АГП й адзін з БНФ. Яны выступілі з публічнай заявай «Нам — жыць, нам — вырашаць: не — новым Чарнобылям і Фукусімам!» Пад гэтым зваротам падпішуцца ўсе 34 сьпікеры ад АГП, і мы былі б вельмі ўдзячныя, каб прэса рэтрансьлявала гэта. Бо гэта ня толькі гарадзенская праблема. Гэта ня толькі праблема Астравеччыны. Гэта праблема ўсёй Беларусі і адна з тэмаў, пра якія мы гаворым падчас выбарчай кампаніі».
XS
SM
MD
LG