Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога гэндырэктара «Пінскдрэву» затрымалі ў Польшчы

абноўлена

Ларан Арыніч
Ларан Арыніч

Адбылося гэта пасьля звароту прадстаўнікоў беларускага аддзяленьня Інтэрполу да польскай паліцыі.

На Арыніча зладзілі сапраўдную засаду, паведамляе Эўрарадыё з спасылкай на Польскае прэсавае агенцтва.

Польская паліцыя высьветліла, што Ларан Арыніч жыве пад горадам Радамам у арандаваным доме. З засады паліцыянты назіралі за домам і яго ваколіцамі. Калі не засталося сумневаў, што ў доме жыве Арыніч, яго арыштавалі. Былы дырэктар «Пінскдрэву» быў вельмі зьдзіўлены затрыманьню й не супраціўляўся. Яго даставілі ў паліцэйскі ўчастак, дзе ён будзе чакаць судовага рашэньня па пытаньні экстрадыцыі ў Беларусь.

25 кастрычніка 2010 году на фабрыцы «Пінскдрэў-ДСП» здарыўся выбух. Загінулі 14 працаўнікоў, 21 чалавек атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасьці. Была распачатая крымінальная справа. У сакавіку 2012-га калегія па крымінальных справах Берасьцейскага абласнога суду прызнала вінаватымі ў трагедыі былога галоўнага інжынэра холдынгу, галоўнага інжынэра і былога дырэктара «Пінскдрэў-ДСП». Інжынэру прысудзілі чатыры гады пазбаўленьня волі, галоўнаму інжынэру — тры гады, былому дырэктару — чатыры гады пазбаўленьня волі. Крымінальная справа ў адносінах да Ларана Арыніча вылучана ў асобную вытворчасьць.

Пажар на «Пінскдрэве»
Пажар на «Пінскдрэве»
Ларан Арыніч уцёк зь Пінску, але супрацоўнікі праваахоўных органаў паведамлялі, што яму было дазволена знаходзіцца на лячэньні ў Польшчы. Аднак у жніўні 2011 году Ларана Арыніча абвясьцілі ў вышук.

У верасьні 2011-га экс-кіраўніка «Пінскдрэва» пазбавілі званьня ганаровага грамадзяніна Пінску. Такое рашэньне прыняў Пінскі гарсавет. Падставай дэпутаты назвалі тое, што Арыніч уцёк ад сьледзтва і абвешчаны ў вышук. Гэтым ён дыскрэдытаваў сваю асобу і ганаровае званьне.

Сваякі загінулых рабочых лічаць, што вінаватаму ў трагедыі Арынічу адмыслова дазволілі зьбегчы за мяжу. Таму яшчэ летась яны напісалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Генпракуратуру, МУС, КДБ і Камітэт дзяржкантролю калектыўны ліст, у якім патрабавалі пакараць былога дырэктара Ларана Арыніча.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Затрыманьне Ларана Арыніча камэнтуе праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч:

«Безумоўна, для дзяржаў вельмі важна мець дамовы аб прававым супрацоўніцтве, асабліва ў межах супольных дзеяньняў па расьсьледаваньні транспамежных крымінальных злачынстваў. У дачыненьні да Беларусі ў гэтых пытаньнях варта ставіцца надзвычай сур’ёзна і пільна сачыць, наколькі гэта мае крымінальны характар, а ня ёсьць палітычным перасьледам — за выняткам, зразумела, выпадку са спадаром Арынічам.

Зь іншага боку, Беларусь мусіць ня толькі карыстацца падобнымі дамовамі, але і выконваць іх. На жаль, апошнім часам розныя міжнародныя мэханізмы беларускі рэжым выкарыстоўвае толькі на сваю карысьць, не выконваючы ніякіх сваіх абавязаньняў.

Таму можна толькі вітаць, што польскі бок супрацоўнічае зь беларускімі праваахоўнымі органамі. Але важна, каб і беларускі бок таксама супрацоўнічаў паводле міжнародных пагадненьняў, да прыкладу — у выдачы Бакіевых, якіх таксама вышукваюць праз Інтэрпол. Зь беларускага боку гэта быў бы вельмі правільны крок, які паказаў бы, што мы ня толькі карыстальнікі ў сваіх інтарэсах пэўных міжнародных пагадненьняў, але і краіна, якая зьбіраецца іх выконваць хаця б на ўзроўні расьсьледаваньня крымінальных злачынстваў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG