Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мацьвей Хатары абскардзіў адмову выступіць па тэлебачаньні


Мацьвей Хатары

Мацьвей Хатары

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Бабруйску Мацьвей Хатары абскардзіў рашэньне Назіральнай рады па кантролі за захаваньнем правілаў і парадку правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі. Скаргу актывіст накіраваў у Цэнтральную выбарчую камісію.

Мацьвей Хатары ў сваім выступе заклікае выбарцаў байкатаваць выбары. Гэта й стала падставай для таго, каб выступ не паказалі па тэлебачаньні.

Хатары: «Я адзначаю, што Назіральная рада не прывяла дастатковых і пераканаўчых юрыдычных фактаў, якія ў маім канкрэтным выпадку могуць служыць падставай для законнага абмежаваньня права на свабоду выказваньня як кандыдата ў дэпутаты. Я адзначаю таксама, што ў пастанове не прынята да ўвагі частка 16 артыкула 25-га Выбарчага кодэксу, якая адзначае, што агітацыя ўключае ў сябе ў тым ліку і заклікі да байкатаваньня выбараў — такія заклікі не дапускаюцца толькі ў дзень выбараў. Я прашу скасаваць пастанову Назіральнай рады й абавязаць тэлерадыёкампанію „Магілёў“ пусьціць у эфір мой выступ. Я лічу, што ўлада знайшла найпрасьцейшы шлях, каб пазбавіць нашу партыю магчымасьці данесьці нашае пасланьне выбарцам праз СМІ. Гэта нават у перадвыбарчы час».

27 жніўня Назіральная рада пастанавіла, што выступ Хатары ня можа быць аднесены да перадвыбарчай агітацыі, бо гэта агітацыя супраць удзелу ў выбарах. Згодна з той жа пастановай адмовілі ў праве выступіць па тэлебачаньні, акрамя Мацьвея Хатары, і ягоным аднапартыйцам — Віктару Малачко і Арцёму Агафонаву зь Меншчыны ды Ніне Калядзе зь Менску.

У Назіральную раду з запытам аб адпаведнасьці заканадаўству перадвыбарчых выступаў апазыцыйных вылучэнцаў на дэпутацтва зьвярнуліся тэлеканалы «Беларусь-2», «Сталічнае тэлебачаньне» і тэлерадыёкампанія «Магілёў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG