Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы на разьвітаньне зь Якавам Навуменкам


29 жніўня ў Дзяржаўнай філярмоніі разьвіталіся з народным артыстам Беларусі Якавам Навуменкам, які трагічна загінуў у Севастопалі.

Якаў Навуменка быў салістам Дзяржаўнага аркестру сымфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестру імя Жыновіча, мастацкім кіраўніком «Белканцэрту», заснавальнікам ансамбля народнай песьні «Бяседа». Беларускім слухачам сьпявак запомніўся пранікнёным выкананьнем менавіта беларускіх песень — «Бывайце здаровы», «Гуляй, казак», «Дробна драбніца», «Трэба проста жыць».

Паэт Уладзімер Някляеў пачаў сябраваць зь Якавам Навуменкам на пачатку 1990-х, калі тагачасны мэр Маладзечна Генадзь Карпенка пачаў ладзіць у горадзе нацыянальныя фэстывалі беларускай песьні і паэзіі:

«Мы бачым, што зараз робіцца, вось гэтая кветка нацыянальнай культуры ледзь-ледзь выстойвае пад чартапалохам гэтых „Славянскіх базараў“. Але тое, што тады зрабіў Карпенка, зрабілі ўсе мы ў часы Адраджэньня, на пачатку 90-х, і Якаў Навуменка якраз дае нам сілы і магчымасьці вытрымліваць гэты націск антыбеларускасьці і дае спадзяваньні на будучыню. Навуменка ня стаў сьпяваць, як гэта робяць многія, „Дубінушку“ ды „Ой, мороз, мороз“, ён проста казаў: „У мяне ёсьць маё, беларускае, у мяне ёсьць што сьпяваць“. Гэта быў сапраўды беларускі артыст, зь беларускім сэрцам, зь беларускай душой. І мне вельмі шкада, што яго ня стала».
Гэта быў сапраўды беларускі артыст, зь беларускім сэрцам, зь беларускай душой

Народны артыст Беларусі Аляксандар Ціхановіч кажа, што страціў добрага сябра:

«Страцілі таленавітага чалавека, надзвычай яркага, пазытыўнага, чалавека, які вельмі шмат зрабіў для беларускага мастацтва. У яго быў надзвычай багаты музычны матэрыял, ён быў таленавітым музыкам, які ведаў народную творчасьць, які пастаянна быў у пошуку, які ведаў сучасныя кірункі, новыя павевы ў кампутарнай музыцы.

Кожны з нас пакліканы на зямлі дзяліцца любоўю адзін з адным, і Яша Навуменка дзяліўся гэтай любоўю праз свае песьні. І гэтая любоў будзе жыць у нас да тае пары, пакуль будуць жыць гэтыя песьні».

Народны артыст Беларусі, кампазытар Ігар Лучанок назваў Якава Навуменку самародкам зямлі беларускай:

«Ён быў самародкам. Ён быў у разьвіцьці — яму было ўсяго 53 гады... Але ў яго засталася вялікая спадчына, у яго засталося шмат унікальных запісаў. Я называю гэта менавіта нашай спадчынай. Ён працягваў традыцыі Вуячыча ў савецкай песьні, традыцыі Мулявіна ў народнай песьні, людзей, якіх ужо няма з намі. Але ён заўсёды ў нашым сэрцы, яго творчасьць належыць будучыні».

Фальклярыстка, выканаўца беларускіх песень Тацяна Матафонава распавяла, што менавіта ў гэтыя дні адкрыла для сябе сайт, які заснаваў Якаў Навуменка і дзе цалкам бясплатна можна спампаваць беларускую музыку. Дарэчы, слоган гэтага сайту — «Зробім разам найлепшую фанатэку беларускіх песень»:

«Многіх нашых беларускіх выканаўцаў ён адзначыў. Там і Данчыка песьні можна знайсьці, і „Крамы“, і Зьмітра Вайцюшкевіча. Там і наша любімая песьня „Аксамітны летні вечар“ у некалькіх выкананьнях. Ён падтрымліваў моцна беларускую песьню. Там для сябе я адкрыла і шмат песень, які гучаць па-руску, але пра Беларусь. Гэта сапраўды цікавая праца, якой Навуменка заняўся, і зараз абмеркаваньні ідуць: а хто ж працягне гэтую справу? Таму што песьня беларуская павінна жыць. Гэта вялікая страта менавіта для беларускасьці. Бо на нашай ніве мала хто працуе. А ён сапраўды такі цудоўны сьпявак і чалавек, які клапаціўся пра нашу беларускую творчасьць і песьню».

Уладзімер Някляеў узгадаў, што Якаў Навуменка быў адным зь першых, хто яму патэлефанаваў і падтрымаў, калі паэт выйшаў з турмы:

«Патэлефанаваў мне і сказаў: „Уладзімер Пракопавіч, я ганаруся, што сьпяваю вашы песьні“. У той сытуацыі, калі тыя людзі, зь якімі я быў на фэстывалях у Маладзечне, зь якімі разам мы купаліся ў вершах і песьнях, калі мяне бачылі, сталі перабягаць на другі бок вуліцы. Гэта значыла многае. І ня толькі для мяне. Для яго, як вы разумееце, таксама».


Разьвітаньне зь Якавам Навуменкам у Дзяржаўнай філярмоніі


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG