Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 жніўня ў Лёндане пачынаюцца ХIV летнія Паралімпійскія гульні, якія працягнуцца да 9 верасьня.

Арганізатары заяўляюць пра вялікую цікавасьць да імпрэзы, сьцьвярджаючы, што прададзена 95% квіткоў на спаборніцтвы. Акрэсьленая перад беларускімі спартоўцамі задача-мінімум — трапіць у сваіх дысцыплінах у васьмёрку наймацнейшых. Адмыслоўцы кажуць, што прэтэндаваць на вышэйшыя пазыцыі цяжка — многія атлеты зьяжджаюць зь Беларусі ў краіны, якія прапануюць лепшыя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Усяго ў лёнданскай Паралімпіядзе-2012 возьмуць удзел звыш 4 тысяч спартоўцаў са 165 дзяржаў, будзе разыграна больш за паўтысячы камплектаў узнагародаў. Дзеля параўнаньня: на нядаўніх ХХХ Алімпійскіх гульнях, якія таксама праходзілі ў брытанскай сталіцы, выступалі блізу 13 тысяч атлетаў з 205 краін сьвету. Як паведамілі ў Нацыянальным паралімпійскім камітэце Беларусі, беларускія спартоўцы ў колькасьці 31 чалавека выступяць у сямі дысцыплінах: восем — у веславаньні, сем — у лёгкай атлетыцы, шэсьць — у плаваньні, пяць — у фэхтаваньні, па два — у дзюдо і вэляспорце і адзін у паўэрліфтынгу.

Людміла Ваўчок — неаднаразовая чэмпіёнка і прызэрка як зімовых, так і летніх Паралімпійскіх гульняў. На чацьвёртым месяцы цяжарнасьці яна заваявала пропуск на сёлетнія Паралімпійскія гульні і, нарадзіўшы дачку, пачала актыўную падрыхтоўку да чарговых спаборніцтваў. У Лёндане выступіць у акадэмічным веславаньні. Спадзяецца, што статыстам ня будзе:

«Вядома, мы будзем намагацца выкласьціся на ўсе 100% — у гэтым я адказваю, мабыць, за ўсіх нашых спартоўцаў, бо ўсе разумеюць, што на такіх стартах мы павінны выступіць самым годным чынам. Зразумела, што патрэбная і пэўная доля ўдачы, нездарма ж кажуць, што спорт — гэта жыцьцё, а жыцьцё — гэта гульня. Таму шмат залежыць ад таго, як кожнаму спартоўцу карта ляжа. Але, апроч стараньня і ўдачы, вядома ж, нам вельмі патрэбная падтрымка нашых заўзятараў».
Параалімкійка Людміла Ваўчок з дачкой Настай перад цырымоніяй праводзінаў параалімпійцаў у Лёндан

Параалімкійка Людміла Ваўчок з дачкой Настай перад цырымоніяй праводзінаў параалімпійцаў у Лёндан


На ўрачыстай цырымоніі праводзінаў у Лёндан кіраўнік Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Алег Шэпель сказаў, што «турыстаў» у камандзе няма. Аднак пры гэтым зазначыў, што вынікаў, якія паказваюць беларускія спартоўцы, можа не хапіць для перамогі — многія краіны фінансуюць паралімпійскі спорт на адным роўні са здаровымі атлетамі, а ў Беларусі ўсё робіцца паводле рэшткавага прынцыпу:

«Тыя вынікі, якія пакажуць спартоўцы — дакладней, тэхнічныя вынікі, якія мы папярэдне плянуем — я ў іх практычна ўпэўнены. Адзіны момант, што гэтых вынікаў ужо можа быць недастаткова для таго, каб займаць высокія месцы. Паралімпійскі спорт — на жаль ці на радасьць, хто яго ведае, — перайшоў у шэраг палітычных нюансаў. Краіны, якія ўдзельнічаюць у гульнях, цудоўна разумеюць: сацыяльная палітыка ў кожнай дзяржаве грунтуецца на стаўленьні да старых, дзяцей і інвалідаў. Як прадэманстраваць гэтае стаўленьне? Атрымліваецца, што толькі вынікам. А вынікі, у тым ліку на Паралімпійскіх гульнях, паказваюцца на дарожках, у сэктарах. Вось таму многія дзяржавы сваіх паралімпійцаў фінансуюць досыць моцна, скажам так, нароўні зь „відушчым“ алімпійскім спортам. Але думаю, што вынік будзе — прынамсі, спадзяемся, што выступім ня горш, чым здаровыя спартоўцы».

Няроўнае стаўленьне да інвалідаў і здаровых у Беларусі відаць на прыкладзе памеру прэміяльных для прызэраў. Чальцоў галоўнай нацыянальнай зборнай за залаты мэдаль чакае ганарар у 150 тысяч даляраў, а чэмпіёна-паралімпійца — 50 тысяч даляраў. Яшчэ большыя матэрыяльныя разрывы для ўладальнікаў срэбных і бронзавых узнагародаў. Падобнае стаўленьне ўжо прывяло да таго, што некаторыя вядучыя паралімпійцы сёлета выступаюць пад сьцягамі іншых дзяржаў, найперш — Расеі. Так, у Маскву зьехалі плыўцы Раман Макараў і Сяргей Пунько, якія ў 2008 годзе ў Пэкіне прынесьлі Беларусі 7 мэдалёў з агульных 13-ці.

Упершыню самастойнай камандай беларускія паралімпійцы выступілі на летніх гульнях у Атлянце ў 1996 годзе, заваяваўшы 13 мэдалёў. Самымі ўраджайнымі на ўзнагароды выявіліся Афіны-2004 — 28 мэдалёў. Годным быў і вынік Сыднэю-2000 — 23 мэдалі. Гэтым разам спартовыя функцыянэры разьлічваюць, што будзе прынамсі ня горш, чым у выпадку са здаровымі спартоўцамі — гэта значыць, ня меней за тузін узнагародаў, ня лічачы ануляванага выніку штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук. Летась у Пэкіне на рахунку беларускіх паралімпійцаў было 13 мэдалёў.
XS
SM
MD
LG